Беларусь могуць прыняць у Балёнскі працэс, нягледзячы на адсутнасьць акадэмічнай свабоды

Уладзімер Дунаеў

У Ерэване на саміце міністраў адукацыі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, які пройдзе 14–15 траўня, будзе вырашацца пытаньне аб далучэньні Беларусі да Балёнскага працэсу.

Балёнская працоўная група мяркуе прыняць станоўчае рашэньне, паведаміў сябра Грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар Уладзімер Дунаеў. Але ці адпавядае Беларусь фундамэнтальным прынцыпам і патрабаваньням да краін-кандыдатаў? У выпуску «Кухня ТВ» на сайце spring96.org Уладзімер Дунаеў адзначыў:

«Гэта ня саміт міністраў адукацыі ЭЗ, гэта саміт міністраў адукацыі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі — 47 краін, уключна з Казахстанам. У 2012 годзе разгляд заяўкі Беларусі быў перанесены на 2015 год, на гэты саміт — у сувязі з тым, што Беларусь не выконвала некаторыя ўмовы для кандыдатаў. Ёсьць дзьве ўмовы для прыёму ў Балёнскі працэс. Трэба падпісаць Эўрапейскую культурную канвэнцыю, што Беларусь зрабіла ў 1993 годзе і яе ратыфікавала. А другое — адпавядаць каштоўнасьцям і кірункам палітыкі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. А гэта — акадэмічная свабода, унівэрсытэцкая аўтаномія і грамадзкі, студэнцкі ўдзел у кіраваньні. І з гэтым у Беларусі вялікія праблемы. Прайшлі тры гады, а праблемы засталіся. А Беларусь прымаюць, нягледзячы на тое, што прагрэсу па гэтых трох парамэтрах за тры гады мы асабліва не заўважаем».

Аднак калі Беларусь далучаць авансам да Балёнскага працэсу, то ці адпрацуе яна дадзены ёй аванс?

Улада па-іншаму ацэньвае якасьць. Яна разумее пад якасьцю кіраванасьць і ляяльнасьць

«Ня хочацца быць пэсымістам, але падстаў для аптымізму таксама няма. Некаторыя перамены за тры гады ўсё ж адбыліся. Яны ў значнай ступені тычацца структурных момантаў, архітэктуры вышэйшай адукацыі. У нас такі рух да трохузроўневай эўрапейскай архітэктуры ідзе. Што тычыцца каштоўнасьцяў, то ў нас проста іншыя каштоўнасьці, выціснуць якія вельмі цяжка. І калі мы кажам пра гэты канфлікт каштоўнасьцяў, трэба разумець, якія каштоўнасьці канфліктуюць, якія каштоўнасьці вызначаюць нашу адукацыйную палітыку. І чаму наша сыстэма адукацыі такая нечульлівая да крытыкі нізкай якасьці гэтай адукацыі. Улада па-іншаму ацэньвае якасьць. Яна разумее пад якасьцю кіраванасьць і ляяльнасьць. А гэта супярэчыць каштоўнасьцям свабоды і аўтаноміі. Пакуль гэты канфлікт ня будзе прызнаны і ня будзе дадзены адказ, а што рабіць з нашымі традыцыйнымі каштоўнасьцямі і што рабіць з акадэмічнымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі, датуль мы не дачакаемся вялікіх пераменаў».

Мэта Балёнскага працэсу — стварыць агульнаэўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Афіцыйнай датай пачатку працэсу лічыцца 19 чэрвеня 1999 году, калі ў італьянскай Балёньі міністры адукацыі 29 эўрапейскіх краінаў ухвалілі дэклярацыю пад назваю «Зона эўрапейскай вышэйшай адукацыі». Балёнскі працэс адкрыты для далучэньня іншых дзяржаў і на сёньняшні дзень аб’ядноўвае 47 краінаў.

Балёнскі працэс прадугледжвае стварэньне трохузроўневай структуры вышэйшай адукацыі. Гэта значыць, што ў працэсе навучаньня можна атрымаць тры адукацыйныя ступені: бакаляўра, магістра і доктара. Балёнскія рэформы накіраваныя таксама на забесьпячэньне якасьці вышэйшай адукацыі і на прызнаньне ў краінах Балёнскага працэсу атрыманых пры навучаньні кваліфікацыяў.