Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла актывістка Вольга Мікалайчык, якая знаходзіцца каля суду. Паводле Вольгі Мікалайчык, каб абараняць Леаніда Кулакова, у Смалявічы прыехаў адвакат зь Менску.
«Адвакату пэўна сказалі, што суд будзе адкрытым, але які судзьдзя будзе судзіць Леаніда, пакуль не сказалі», — паведаміла Мікалайчык.
Актывісты чакаюць, калі Леаніда Кулакова прывязуць у суд, з раніцы 11 траўня, але пакуль безвынікова.
Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Марыі Касьян, якая знаходзіцца ў Смалявічах, актывіста Леаніда Кулакова абвінавачваюць паводле артыкулу Адміністрацыйга кодэксу № 2334-2 — незаконнае пікетаваньне.
«Чым будуць даказваць гэты артыкул, ня ведаем», — сказала праваабаронца карэспандэнту Свабоды.
Суд над Леанідам Кулаковым чакаецца пасьля 16 гадзін.
Леанід Кулакоў быў затрыманы ў Менску 8 траўня. Пакуль дакладна не вядома, за што яго зьбіраюцца прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Адна з вэрсіяў — тая, што Кулакоў нібыта датычны да зьяўленьня пад Менскам расьцяжкі апазыцыйнага зьместу.