Кітай-Беларусь: што трэба ведаць

Кітайска-беларускія дачыненьні ў лічбах і фактах.

Дыпляматычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай былі ўсталяваныя ў студзені 1992 году. У гэтым самым годзе ў Менску было адкрытае пасольства КНР, а з 1993 году беларускія дыпляматы сталі працаваць у Пэкіне.

ПАЛІТЫЧНАЕ І ВАЙСКОВАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

Рэспубліка Беларусь неаднаразова выказвалася на афіцыйным узроўні ў падтрымку палітыкі «адзінага Кітаю», супраць сэпаратысцкіх памкненьняў у Тыбэце і Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне.

КНР падтрымлівае намеры і ініцыятывы Беларусі аб далучэньні да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

На падставе дамоўленасьцяў начальнікаў генэральных штабоў узброеных сілаў Беларусі і КНР у 2011 — 2012 гадах на тэрыторыі Беларусі і Кітаю былі праведзеныя першыя ў гісторыі Беларусі і Кітаю супольныя трэніроўкі падразьдзяленьняў узброеных сілаў.

ПАЛІТЫЧНЫЯ КАНТАКТЫ

Аляксандар Лукашэнка на пасадзе кіраўніка Беларусі наведваў Кітай у 1995, 1997, 2001, 2005, 2010 і 2013 гадах, ён таксама прысутнічаў на адкрыцьці Алімпійскіх гульняў 2008 году ў Пэкіне, спалучыўшы сваю паездку з рабочым візытам.

Упершыню Лукашэнка наведаў Кітай у складзе ўрадавай дэлегацыі ў 1993 годзе, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Падчас выбарчай кампаніі 1994 году была агучаная інфармацыя, што падчас вяртаньня дэлегацыі з Кітаю Лукашэнка скраў у сьцюардэсы фэн.

Цяперашні старшыня КНР Сі Цзіньпін упершыню наведаў Беларусь у 2010 году, калі займаў пасаду намесьніка старшыні КНР.

Сёлетні візыт Сі Цзіньпіна ў Беларусі адбудзецца 10-12 траўня.

КНР зь візытамі наведвалі прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь (1996, 2014 гады), першы намесьнік старшыні ўраду (2007, 2010 гады), старшыні палаты прадстаўнікоў (1998, 2005 і 2009 гады) і Савету Рэспублікі (2002 год).

У сваю чаргу, у Беларусь рабілі візыты старшыня КНР Цзян Цзэмінь (2001), намесьнік старшыні КНР Ху Цзіньтао (2000), намесьнік старшыні КНР Сі Цзіньпін (2010), прэм’еры КНР Лі Пэн (1995) і Вэнь Цзябао (2007).

УЗАЕМНЫ ГАНДАЛЬ

Па выніках 2014 году Кітай паводле аб’ёму таваразвароту заняў пятае месца сярод гандлёвых партнэраў Беларусі, яго доля ў таваразвароце зьнешняга гандлю Беларусі склала 3.8% ( Расеі — 49%, Украіны — 7%, Вялікабрытаніі — 7%, Нямеччыны — 5%). З 1992 году таваразварот паміж дзьвюма краінамі ўзрос больш чым у 100 разоў — з 34 мільёнаў да 3.2 мільярдаў даляраў. Дынаміка ўзаемнага гандлю прадстаўленая ў табліцы.

Дынаміка гандлю таварамі Рэспублікі Беларусь з Кітаем, уключаючы Ганконг, Макао і Тайвань ў 2005-2014 гг. (у мільёнах даляраў ЗША)

ГодАбаротЭкспартІмпартСальда
2005793470322148
20061 052448604-156
20071 481585896-312
20082 2096841 524-840
20091 3752171 159-942
20102 2995131 786-1 273
20113 0126972 315-1 617
20122 9474692 478-2 009
20133 4845362 948-2 411
20143 2077132 494-1 780

Найважнейшыя пазыцыі беларускага экспарту ў КНР — калійныя ўгнаеньні, капралактам, кар’ерныя самазвалы, прадукцыя станкабудаваньня, электронікі і мэталюргічнай прамысловасьці. У КНР адкрытыя прадстаўніцтвы некалькіх беларускіх прадпрыемстваў: МЗКЦ, МТЗ, Беларуськалію і іншых.

Дзякуючы імпарту прамысловага абсталяваньня з КНР плянуецца мадэрнізацыя некалькіх электрастанцый Беларусі. Таксама Кітай паставіў абсталяваньне для апэратара мабільнай сувязі БеСТ.

ІНВЭСТЫЦЫІ І СУПОЛЬНЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ

Адзін з самых буйных беларуска-кітайскіх супольных праектаў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Ён уяўляе сабой тэрытарыяльнае ўтварэньне плошчай каля 80 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для вядзеньня бізнэсу. Парк разьмешчаны за 25 км ад Менску. На тэрыторыі парку плянуецца разьмясьціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-дасьледчы цэнтар.

Асноўныя напрамкі, якія плянуецца разьвіваць у парку — электроніка, хімічная вытворчасьць, мэдыцына, машынабудаваньне. Стварэньне парку пачалося ў 2012 годзе, тэрмін будаўніцтва — 30 гадоў, меркаваная колькасьць працуючых — 120 тысячаў чалавек.

На стварэньне інфраструктуры «Вялікага каменя» Беларусь плянуе выдзяліць прынамсі паўмільярда даляраў, дзяржбанк разьвіцьця Кітаю — 1,5 мільярды даляраў.

Праект пабудовы Кітайска-беларускага парку выклікаў крытыку і пратэсты жыхароў зоны, у якой плянуецца збудаваць парк. Яны выказвалі занепакоенасьць нэгатыўным узьдзеяньнем будаўніцтва парку на экалёгію, зносам нерухомасьці, якая належала ім, і перашкодамі ў карыстаньні прыроднымі рэсурсамі. Занепакоенасьць у грамадзтве выклікалі таксама чуткі пра пляны ўладаў запрасіць у Беларусь на працу сотні тысячаў кітайцаў.

У 2011 годзе пачалося будаўніцтва пяцізоркавага гатэлю «Пэкін» на вуліцы Чырвонаармейскай ў Менску (заплянаваны аб’ём інвэстыцый — 200 мільёнаў даляраў). У Менску таксама пачата будаўніцтва «кітайскага кварталу», якое вядзе кітайская будаўнічая кампанія.

У верасьні 2009 году ў КНР было зарэгістраванае ТАА «АВІК-БелАЗ Кар’ерныя Машыны», у сьнежні 2009 году — «Харбін Дунцзінь Гомель прадпрыемства сельскагаспадарчага машынабудаваньня», у жніўні 2010 году у Харбіне зарэгістраванае супольнае прадпрыемства па зборцы беларускіх трактароў.

СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЭРЫ АДУКАЦЫІ

У Менску працуюць два Інстытута Канфуцыя — пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце (адкрыты ў 2007 годзе) і пры Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце (адкрыты ў 2011 годзе). Некалькі тысячаў кітайскіх студэнтаў навучаюцца ў унівэрсытэтах Беларусі. Вясной 2009 году адбыўся інцыдэнт, зьвязаны з Інстытутам Канфуцыя БДУ. У Менску была праведзеная выстава, прысьвечаная Тыбэту, у якой былі прадстаўлены фатаграфіі, якія падавалі кітайскі кантроль над Тыбэтам у нэгатыўным сьвятле. Да адкрыцьця выставы быў таксама прымеркаваны выхад кнігі намесьніка дырэктара Інстытуту Канфуцыя І. Малевіча «Азіяцкі трохкутнік драконаў», у якой была выяўленая пазыцыя па Тыбэце і Тайвані, адрозная ад афіцыйнай пазыцыі КНР. У сувязі з гэтым кітайскія дыпляматы ў Беларусі выказалі сваё зьдзіўленьне.