Літанкета Свабоды: Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец нарадзіўся ў 1959 у Мазыры, у дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Менск. Закончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у выдавецтве БелСЭ, газэце «Гомельская праўда», нелегальным друку. Рэдактар аддзелу крытыкі часопіса «Нёман» (1987-1990), галоўны рэдактар газэтаў «Наша Ніва» (1991-2000) і «Свабода» (2004-2008), радыё «Балтыйскія хвалі» (2000-2001). Аўтар, сярод іншага, кнігаў «Практыкаваньні» (1992), «Вострая Брама» (2005), «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (2012), «Errata» (2013), «Сіні карабель у блакітным моры плыве» (2014). Ляўрэат прэміі «Гліняны Вялес» (2005) і прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў (2015). Жыве ў Менску, працуе на Радыё Свабода.

1. Для каго вы пішаце?

Для сябе.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У адзіноце на каленцы ў любы час.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Я такую яшчэ не чытаў, а калі б чытаў, дык і не пісаў бы.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Высьнены.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Я сам.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Рэдактуру чужых кніг.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Паўнавартасна на польскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніжка з напісаных вамі?

«Вершы».

9. Якую кніжку вам яшчэ хочацца напісаць?

Такую, каб чыталася запоем і была пры тым абсалютна ні пра што.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі пішу.