Пра гэта паведамляе БелаПАН.
«Я падтрымліваю заяву швэдзкай Östgruppen: наш кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Мора мусіць пайсьці ў адстаўку», — напісаў Ажубаліс у сваім акаўнце ў «Твітэры».
Раней Östgruppen заклікала Майру Мору пайсьці ў адстаўку, бо, паводле аўтараў звароту, яна дзейнічае насуперак асноўным каштоўнасьцям і афіцыйнай палітыцы Эўразьвязу.
«Замест таго, каб дакладна выказаць афіцыйную лінію ЭЗ у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, Майра Мора неаднаразова ажыцьцяўляла дзеяньні, якія хутчэй служаць інтарэсам нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, — гаварылася ў заяве. — Майра Мора неаднаразова расчароўвала сваімі публічнымі выступленьнямі беларускі дэмакратычны рух. Напрыклад, мінулай восеньню яна ўзяла ўдзел у ток-шоў на дзяржаўным тэлеканале, заклікаўшы ўсіх беларусаў падтрымаць прэзыдэнта Лукашэнку. Вядучым ток-шоў быў Вадзім Гігін, на якога распаўсюджваюцца санкцыі ЭЗ празь ягоны ўдзел у прапагандысцкай дзейнасьці рэжыму. Днямі Мора ўзяла ўдзел у тым самым ток-шоў і пахваліла Лукашэнку за яго здольнасьць «мець дачыненьні з людзьмі».
Пры гэтым, адзначалі швэдзкія праваабаронцы, адказваючы на пытаньне, што перашкаджае наладжваньню больш цесных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, яна не нагадала пра патрабаваньне ЭЗ вызваліць усіх палітзьняволеных. Само шоў праходзіла ў дзень новага суду над кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалаем Статкевічам. Паводле меркаваньня Östgruppen, Мора вычарпала крэдыт даверу на пасадзе кіраўніка прадстаўніцтва ЭЗ.
На просьбу БелаПАН прадстаўніцтва ЭЗ пракамэнтавала зварот швэдаў: "Эўрапейскі зьвяз і прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі неаднаразова засяроджвалі ўвагу на перашкодах (у тым ліку на пытаньні палітзьняволеных) на шляху паляпшэньня адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, і яны будуць гэта рабіць, пакуль гэтыя перашкоды існуюць".