Выбары ў Вялікабрытаніі: Хвост будзе круціць сабакам?

У Вялікабрытаніі сёньня адбываюцца ўсеагульныя выбары, на якіх грамадзяне выбіраюць 650 дэпутатаў Палаты абшчынаў.

Колькасьць зарэгістраваных выбаршчыкаў складае каля 50 мільёнаў чалавек. Паралельна праходзяць выбары ў муніцыпальныя рады.

Выбары адбываюцца ў 650 аднамандатных акругах па мажарытарнай сыстэме: у кожнай акрузе выбаршчыкі будуць галасаваць не за партыю, а за канкрэтнага кандыдата, і пераможа той, хто набярэ простую большасьць галасоў.

Большасьць палітыкаў і палітолягаў прызнаюць, што вынікі выбараў немагчыма прадказаць. Бадай ці не ўпершыню ў гісторыі лёс прэм’ерскага крэсла можа залежаць ад малых партыяў.

Найбольш верагодны вынік, пры якім ніводная з асноўных палітычных сілаў (кансэрватары і лейбарысты) не атрымае абсалютнай большасьці. Значыць, можа сфармавацца гэтак званы «падвешаны парлямэнт». Пытаньне, якое застаецца нявырашаным — хто і з кім можа ўвайсьці ў кааліцыю.

Галоўная роля ў гэтай нявызначанасьці адводзіцца шатляндзкім нацыяналістам, якія прайгралі рэфэрэндум аб незалежнасьці, але, тым ня менш, набіраюць штораз большую папулярнасьць у Шатляндыі. Нацыяналістычнай партыяй Шатляндыі кіруе жанчына, Нікала Стэрджэн.

Становішча, у якім можа апынуцца Вялікабрытанія пасьля выбараў, дасьціпна абмаляваў амэрыканскі камэдыйны актор Пі Джэй О’Рурк, які сказаў:

«Шатляндзкія нацыяналісты, якія ня хочуць быць часткай Злучанага Каралеўства, могуць аказацца вызначальнай сілай у тым, як і кім Злучанае Каралеўства будзе кіравацца, хоць галоўная мэта нацыяналістаў заключаецца ў тым, каб Злучанае Каралеўства імі не кіравала наогул».

Брытанская палата абшчын складаецца з 650 парлямэнтараў. Такім чынам большасьць, якая дазваляе партыі праводзіць сваю палітыку без аглядкі на апазыцыю — 326 мандатаў. Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, ні лейбарысты, ні кансэрватары і блізка не падыходзяць да гэтай колькасьці месцаў.

Шатляндыя пастаўляе ў Вэстмінстэр (так нефармальна называюць у Вялікабрытаніі парлямэнт) 59 заканадаўцаў. Цалкам верагодна, што ўсе яны акажуцца сябрамі Нацыяналістычнай партыі Шатляндыі. 59 мандатаў — гэта дастаткова для таго, каб ператварыць няўстойлівую меншасьць любой зь дзьвюх асноўных партый у стабільную канстытуцыйную большасьць.

Падаецца верагодным, што калі шатляндзкія нацыяналісты апраўдаюць прадказаньні апытаньняў грамадзкай думкі, ім застанецца толькі вырашыць, з кім менавіта ўступіць у кааліцыю, і пажынаць плён.

Можна запытацца, якім чынам шатляндзкія нацыяналісты, якія летась у верасьні прайгралі рэфэрэндум аб незалежнасьці (набралі 45% галасоў), могуць перамагчы ў Шатляндыі тыя партыі, якія былі супраць рэфэрэндуму (55% галасоў), і ўзяць усе 59 парлямэнцкіх месцаў? Справа тут у мажарытарнай выбарчай сыстэме. Тыя 55% галасоў, якія забясьпечылі захаваньне Шатляндыі ў складзе Злучанага Каралеўства, на сёньняшніх выбарах будуць разьмеркаваныя паміж кансэрватарамі, лейбарыстамі і лібэральнымі дэмакратамі. Тыя 45%, якія хацелі незалежнасьці, усе як адзін будуць галасаваць за нацыяналістаў, забясьпечваючы сваім кандыдатам непрапарцыйна вялікую прысутнасьць у Вэстмінстэры.

Так што сапраўды, Вялікабрытанія стаіць перад рэальнай пэрспэктывай таго, што лёс важных законапраектаў будуць вырашаць заканадаўцы ад партыі, якая зусім не зацікаўленая ў яе існаваньні як цэласнай краіны.

Варта аднак не забываць, што 8 парлямэнтараў у Вэстмінстэр пастаўляе Паўночная Ірляндыя. Лідэр Дэмакратычнай юніянісцкай партыі Паўночнай Ірляндыі Пітэр Робінсан заявіў, што ў прынцыпе ён можа працаваць як з кансэрватарамі, так і зь лейбарыстамі. Калі здарыцца так, што адной з гэтых вядучых партый да большасьці ў заканадаўчым органе краіне будзе бракаваць усяго некалькі мандатаў, ня выключана, што якраз гэтая паўночнаірляндзкая сіла вырашыць лёс урадавай кааліцыі ў «падвешаным парлямэнце».

Каб дапоўніць палітычную карціну Вялікабрытаніі на сёньняшніх выбарах, трэба яшчэ згадаць ангельскіх правых папулістаў з партыі UKIP Найджэла Фаража, валійскіх нацыяналістаў з партыі «Плейд камры» і зялёных.

Падрыхтавана паводле матэрыялаў Бі-Бі-Сі.