Прапуцінскія байкеры пабіліся з чэхамі ў Празе

Your browser doesn’t support HTML5

Расейскія байкеры ў Празе выявіліся македонцамі

Да сталіцы Чэхіі даехалі 20 прапуцінкіх байкераў, але гэта былі пераважна македонцы, а не расейцы.

Актывіст «Праскага Майдану» чэх Томаш Пяшынскі сьцьвярджае, што яго зьбілі за падтрымку Ўкраіны на Альшанскіх могілках падчас правядзеньня там акцыі расейскіх байкераў.

Самі ж матацыклісты выявіліся ў асноўным не расейцамі, а македонцамі. Але ім не хапала ў сталіцы Чэхіі мясцовай падтрымкі.

У пацярпелага разадраная рука:

«Яны напалі на мяне тут, расейцы. Ну, гэтыя, калябарацыяністы — ня быў расеец, гэта быў чэх. Ён цяпер стаіць сьціплы: „Прабачце“, але як ён мяне тут прыціснуў да сьцяны, свалата», — кажа Томаш Пяшынскі, чэскі актывіст.

Бойцы папярэднічала эмацыйная сварка з прарасейскімі актывістамі, якія прыйшлі на Альшанскія могілкі ў Празе разам з байкерамі, якія называюць сябе «Начнымі ваўкамі». На гэтых могілках ёсьць пахаваньні савецкіх воінаў часоў Другой сусьветнай вайны.

Байкераў у Прагу прыехала каля двух дзясяткаў. Але большасьць зь іх выявіліся грамадзянамі Македоніі — 11 чалавек, яшчэ адзін прыехаў з Бэрліну. Ім шэнгенскія візы непатрэбныя.

«У нас не было ніякіх праблемаў у дарозе. Прайшлі так, таму што нам не патрэбныя візы. Праехалі ад Македоніі, затым Вэнгрыя, Славакія і цяпер у Празе», — патлумачыў матацыкліст з надпісам "Македонія" на футболцы на рускай мове з акцэнтам.

Колькі ў групе байкераў менавіта расейскіх «ваўкоў», якія даехалі да Прагі з Масквы, лідэр калектыву Максім Новікаў адказаць адмовіўся:

«Гэтую інфармацыю я пакуль Вам назваць не магу, — сказаў Новікаў. — Я далучыўся да калёны ўжо ў Германіі. Я з Бэрліна. Таму мне ня трэба было прабівацца празь мяжу».

Не патлумачыў лідэр «ваўкоў» і таго, як удалося байкерам з Расеі перасячы мяжу Эўразьвязу — нягледзячы на тое, што Польшча забараніла частцы зь іх праезд па сваёй тэрыторыі. А чалавек, які назваўся чальцом групы суправаджэньня байкераў і жыхаром Масквы, сказаў Радыё Свабода, што калёна заехала ў Эўразьвяз «празь іншую краіну». Аднак празь якую менавіта, назваць адмовіўся.

Мэтай акцыі, паводле словаў байкераў, зьяўляецца ўскладаньне кветак да магіл савецкіх салдат, якія загінулі ў Другую сусьветную вайну пры вызваленьні Чэхаславакіі.

Па словах чэскага актывіста Томаша Пяшынскага, байкеры толькі прыкрываюцца ўшанаваньнем загінулых воінаў:

«Гэта прапагандысцкая акцыя рэжыму Ўладзімера Пуціна. Апраўдваюцца прыкрыцьцём аб наданьні павагі памерлым, але яны пра гэта не клапоцяцца. Гэта проста прапаганда расейскага імпэрыялізму 21-га стагодзьдзя, і нішто іншае», — лічыць ён.

Падтрымаць Украіну прыйшла на Альшанскія могілкі таксама чэская пісьменьніца Джэні Новак.

«Я тут таму, што вырашыла выказаць падтрымку Ўкраіне, на якую напалі, і таму, што мне не падабаецца, што многія чэхі адкрыта падтрымліваюць агрэсіўны і злачынны рэжым», — кажа пісьменьніца.

З украінскімі і амэрыканскімі сьцягамі супраць прыезду «ваўкоў» на Альшанскіх могілках пратэставалі трое грамадзянаў Чэхіі. А «георгіеўскія стужачкі» на могілках дэманстравалі больш за дзьвесьце чалавек.

З прыхільнікамі пуцінскага рэжыму на могілкі прыбылі і карэспандэнты трох расейскіх тэлеканалаў.