Расейская паліцыя ўчора ўвечары затрымала 65 чалавек, якія праводзілі сходы і адзінкавыя пікеты ў Маскве на Балотнай плошчы ў гадавіну масавай акцыі 2012 году.
Актывістаў кідалі ў паліцэйскія аўтобусы, нягледзячы на шматлікія пратэсты назіральнікаў, якія даказвалі, што затрыманьні незаконныя.
Пасьля наступленьня чацьвярга 7 траўня ў аддзяленьнях паліцыі былі пакінутыя трое — апазыцыйныя актывісты Ірына Калмыкова, Сяргей Шароў-Дэлонэ і Аляксандар Рыклін. Паводле зьвестках маскоўскіх праваабаронцаў, ім могуць быць выстаўленыя абвінавачаньні ў «арганізацыі няўзгодненага мерапрыемства». Астатнія затрыманыя былі адпушчаныя, некалькіх зь іх паліцыя абавязала зьявіцца раніцай 7 мая для «напісаньня тлумачальных», паведамляе «Голас Амэрыкі».
У такой абстаноўцы крытыкі Крамля адзначылі ў цэнтры Масквы трэцюю гадавіну падзеяў, якія расейская ўлада называла «масавымі беспарадкамі», а апазыцыя, праваабаронцы і міжнародная супольнасьць — ажыцьцяўленьнем права на пратэст, якое было сустрэта актам паліцэйскага гвалту.
Што адбылося ў Маскве 3 гады таму
6 траўня 2012 году, за дзень да інаўгурацыі Ўладзімера Пуціна на пасаду прэзыдэнта Расеі, расейская апазыцыя арганізавала масавы марш і мітынг пад назвай «Марш мільёнаў» і лёзунгам «За сумленную ўладу», пратэстуючы супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах і ўшчамленьня асноўных правоў і свабодаў чалавека. У раёне Балотнай плошчы паліцыя пачала жорсткае падаўленьне вулічнай акцыі, якое перарасло ў асобныя сутыкненьні пратэстоўцаў і АМАПу. У выніку апэрацыі па выцясьненьні і расьсейваньні пратэстоўцаў 450 чалавек — як удзельнікаў пратэставага маршу, так і выпадковых мінакоў — былі затрыманыя паліцыяй. Тады ж былі затрыманыя і многія апазыцыйныя лідэры, у прыватнасьці, Барыс Нямцоў, Аляксей Навальны і Сяргей Удальцоў.
Па выніках падзеяў 6 траўня 2012 году расейскія ўлады распачалі крымінальную справу аб арганізацыі і ўдзеле ў «масавых беспарадках» («Балотная справа»), па якой было арыштавана больш за 30 чалавек. Многія атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўленьня волі, частка зь іх была амніставаная перад Алімпіядай у Сочы ў 2014 годзе. Яшчэ некалькі грамадзянскіх актывістаў, абвешчаных сьледзтвам у вышук у сувязі з падзеямі «Балотнага справы», пакінулі Расею, стаўшы палітычнымі ўцекачамі.