Палата прадстаўнікоў падтрымала дэкрэт «аб дармаедах»

  • БелаПАН
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6 траўня ўхвалілі рэзанансны дэкрэт прэзыдэнта № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Як адзначыла, прадстаўляючы дакумэнт, міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, дэкрэт «кажа пра сацыяльную адказнасьць грамадзян за фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў». «Ня трэба навешваць шыльды „дармаеды“. Чалавек добраахвотна кажа, што ня ўдзельнічаў у выдатках і заплаціў пэўную суму. Ён такі ж грамадзянін, як і ўсе», — падкрэсьліла міністар.

Адной з мэтаў дэкрэту Шчоткіна назвала легалізацыю працоўнай дзейнасьці. «Гаворка не ідзе пра тое, каб напоўніць бюджэт грашыма. Гаворка ідзе пра тое, каб чалавек удзельнічаў у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў», — сьцьвярджае яна.

Міністар таксама паведаміла, што будзе праводзіцца маніторынг зваротаў грамадзян па дэкрэце. «Пакуль праца насіла, хутчэй, тлумачальны характар. Канструктыўных прапаноў не паступала», — адзначыла яна.

Па словах Шчоткінай, дэкрэт ужо дае станоўчы эфэкт: за першы квартал у службы занятасьці зьвярнулася больш за 16 тысяч грамадзян, якія доўгі час не працавалі.

Нагадаем, згодна з дэкрэтам грамадзяне Беларусі (а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне), якія ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаваньні менш за 183 каляндарныя дні ў годзе, павінны выплачваць збор у 20 базавых велічынь (сёньня гэта 3 млн 600 тыс. рублёў).

Паводле ацэнак экспэртаў, сёньня налічваецца каля 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесьці да «сацыяльных утрыманцаў».

Дэкрэт выклікаў неадназначнае стаўленьне ў грамадзтве і вострую крытыку з боку незалежных экспэртаў, якія назвалі яго «клясычным прыкладам выкарыстаньня прымусовай працы».

Аналітыкі таксама папярэджваюць, што выдаткі на працу чыноўнікаў і міліцыі, паводле іхніх ацэнак, будуць большыя, чым паступіць сродкаў ад спагнанага збору.


Акрамя таго, ёсьць асьцярога, што ўлады могуць прымяняць палажэньні дэкрэту ў дачыненьні да актывістаў грамадзянскай супольнасьці — як яшчэ адзін элемэнт узьдзеяньня на тых, хто ня згодны з уладай.