Глямурная мальвіна на БТ зь лёгкім надрывам чытае нешта рыфмаванае пра «русскую мать», «русского солдата», яшчэ нешта «русское». На мальвіне маечка з надпісам «777. NY – Paris». Адразу пасьля верша ўключаецца кліп Дзімы Білана, які ўжо зь цяжкім надрывам сьпявае пра нешта эратычнае…
У такім стылі сёлета адбываецца ўсё сьвяткаваньне Вялікай Перамогі – і ў Беларусі, і ў Расеі. Згадаць хоць бы знакаміты ролік на ютубе – школьніцы ў георгіеўскіх стужках танчаць твэркінг. Ці эратычнае шоў, якое ў гонар Вялікай Перамогі абяцалі зладзіць у Менску «Начныя ваўкі». Ці новыя фільмы пра вайну, дзе абавязкова – смазьлівыя мардашкі ды попкі. Калі ў фільме пра Шцірліца вайну рамантызавалі, дык у сёньняшніх сэрыялах папсой становяцца доблесныя энкавэдысты з заградатрадаў. На плякаце, разьвешаным ва ўсіх аддзяленьнях Саюздруку, франтавую пілётку ўмудрыліся надзець на галоўку галышу-немаўляці…
Для тых, хто крыху пажыў на сьвеце, усё гэта выглядае, як мінімум, дзіўна. Для тых, хто толькі пачынае жыць, Вялікая Перамога будзе назаўжды зьнітаваная з глямурам, папсой і эротыкай.
Нічога ня маю супраць мардашак і попак, адно бачу, што ў тэме Дня Перамогі яны цалкам замянілі сабою ранейшыя складнікі – смутак і «слёзы на глазах». Прычым гаворка ідзе не пра незалежныя СМІ, якія нястомна стараюцца «сарваць празьнік», а пра рэчышча дзяржаўнай прапаганды.
Што гэта значыць?
Тое, што Вялікая Перамога страціла для шырокіх мас сваю прыцягальнасьць – як нешта рэальнае і датычнае кожнага.
Тое, што дзяржаўная памяць пра вайну цяпер будзе абапірацца не на розум і душу, а на мыліцы базавых інстынктаў.
Тое, што сытуацыя даведзеная да абсурду, адзінае выйсьце зь якога – перайсьці ад бравурнага мілітарна-глямурнага «празьніка» да спакойнага памінаньня дня заканчэньня 2-й сусьветнай вайны – так, як гэта зрабілі ва ўсім цывілізаваным сьвеце.