Гаспадар сельскагаспадарчага маёнтку зь вёскі Мацкі Менскага раёну Ўладзімер Матусевіч лічыць занадта позьнім зварот Аляксандра Лукашэнкі да тэмы фэрмэрства: пакуль дзяржава думала, ці аддаваць зямлю ва ўласнасьць, ня стала каму на ёй працаваць.
Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня сваёй малой радзімы сустрэўся з фэрмэрамі ў аграгарадку «Александрыя» на Шклоўшчыне. Сярод асноўных праблемаў, якія стрымліваюць разьвіцьцё фэрмэрства, прыватнікі назвалі цяжкасьці з выкупам маёмасьці, якую яны арандуюць, а таксама немагчымасьць прыватызаваць зямлю. Паводле фэрмэраў, каб будынкі перайшлі да іх, то і вынік быў бы іншым — людзі былі б гатовыя інвэставаць у рамонт і мадэрнізацыю.
Лукашэнка даручыў урадоўцам вырашыць праблему ўласнасьці для фэрмэраў, але што тычыцца зямлі, адказаў: «Надыдзе час, і гэтае пытаньне будзе вырашана. Галоўнае, каб зараз людзі не баяліся прыйсьці на арандаваную зямлю».
Адразу мне далі некалькі маленькіх палёў, каб я ад іх адчапіўся. А пару гадоў таму ўжо прапаноўвалі, каб я браў зямлі колькі заўгодна
На перакананьне фэрмэра Ўладзімера Матусевіча, тое, што кіраўнік краіны «сьнізашоў» да ягоных калегаў, не выпадкова. Плянавая эканоміка ў аграрным сэктары дэманструе сваю неэфэктыўнасьць, але нешта зьмяніць кардынальным чынам надзвычай складана — занадта шмат часу патрачана на гігантаманію ў выглядзе ўзбуйненых гаспадарак, жывёлагадоўчых комплексаў і г.д. Згадвае, што самому яму першыя 20 гектараў зямлі, парослай кустоўем, выдзелілі, каб урэшце «адчапіўся са сваім фэрмэрствам»:
«Адразу мне далі некалькі маленькіх палёў, каб я ад іх адчапіўся. Гэта быў 21 гектар зямлі, зь іх толькі 7 гектараў пашы. Астатняе — сенажаці забалочаныя, лясы засьмечаныя, то бок усё, што непатрэбна было саўгасу. А пару гадоў таму ўжо прапаноўвалі, каб я браў зямлі колькі заўгодна — праблемы з гаспадаркай дый увогуле лесам зарастае шмат зямлі».
![](https://gdb.rferl.org/F4260030-6162-4E70-B180-2C84B51A8E73_w1080_h608_s.jpg)
Як лічыць спадар Матусевіч, Лукашэнка «зьвярнуў увагу на фэрмэраў «не ад добрага жыцьця». Падазронае стаўленьне цягам апошніх двух дзясяткаў гадоў да фэрмэрста, як клясы, зрабіла сваю справу: працаваць ня зямлі фактычна няма каму.
Прыватнік павінен быць усюды, ня толькі ў сельскай гаспадарцы. Прыватнік мусіць быць і ў прамысловасьці, і ў іншых галінах эканомікі
Паводле суразмоўцы, прыватная ўласнасьць прывязвае чалавека да канкрэтнай мясцовасьці, а ў дадзеным выпадку гэтага не адбылося, паколькі дзяржава так і не разгледзела ў прыватніках паўнавартасных партнэраў. Не зацікавіўшы пэрспэктывай уласнасьці на зямлю і спадарожную нерухомасьць, улады фактычна сваімі рукамі выштурхнулі вяскоўцаў у гарады. Тая ж Магілёўшчына, як удакладняе Ўладзімер Матусевіч, вымірае цэлымі вёскамі, кадраў, каб рэалізоўваць пляны аграрнага «ўздыму», няма:
«У нас дзяржава нібыта гаспадар, але гаспадар дрэнны. Калгас толькі лічыцца калектыўнай гаспадаркай, але калі нехта бесталковы — гэта не гаспадар. Прыватнік павінен валодаць вялікімі лятыфундыямі, а дзяржава яго павінна толькі крыху тыкаць: ты, маўляў, павінен выкарыстоўваць зямлю паводле прызначэньня, павінен араць, сеяць, займацца вытворчасьцю. Але гаспадар павінен быць адзін, заўсёды. Няхай у яго будуць працаўнікі, хай яны будуць сацыяльна абароненымі. Але гаспадар — адзін. Прыватнік павінен быць усюды, ня толькі ў сельскай гаспадарцы. Прыватнік мусіць быць і ў прамысловасьці, і ў іншых галінах эканомікі».
У якасьці прыкладу пасьпяховага разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак адмысловец спасылаецца на суседнюю Літву. На пачатку незалежнасьці тамтэйшыя ўлады мелі вялікія складанасьці з падтрымкай прыватніка, але кірунак у аграрным сэктары быў абраны адназначны. І ў выніку не літоўцы едуць у Беларусь па танную прадукцыю, а беларусы туды — адрозна ад абязьлічанага беларускага калгасьніка, літоўскі прыватнік куды больш разваротлівы за дзяржаўную махіну і здольны імгненна прыстасоўвацца да кан’юнктуры рынку: «Трэба арыентавацца на ўсясьветныя дасягненьні, правераныя часам, а не выдумляць свае, якія ад самага пачатку мала эфэктыўныя», — канстатуе фэрмэр Уладзімер Матусевіч.
«Маёнтак Матусевічы» — фэрмэрская гаспадарка, спэцыялізаваная перадусім на гародніне, усяго больш за два дзясяткі відаў. На 40 гектарах растуць практычна ўсе гатункі капусты, а таксама цыбуля, салера, пятрушка, кроп. Гаспадар афіцыйна зарэгістраванага маёнтка не залежыць ад банкаўскіх крэдытаў і ня просіць субсыдый на пасяўную і ўборку, бо суадносіць прыбытак і неабходныя ўкладаньні.