Жонка палітвязьня Марына Адамовіч атрымала званок ад Мікалая — як толькі ў калёнію прыйшла вестка пра аварыю, у якую трапіла Марына.
Марына Адамовіч у размове з карэспандэтамі Радыё Свабода сказала, што Мікалай Статкевіч ня мае ілюзій наконт суду, які адбудзецца ў панядзелак: «Ён рыхтуецца да этапу з калёніі ў турму. То бок чакае, што суд зноў пагоршыць яму рэжым адбыцьця пакараньня. Паводле строгага турэмнага рэжыму, які пагражае майму мужу, зьняволены мае права на адно кароткатэрміновае спатканьне раз на год і права на адну бандэроль».
Пачатак суду над Мікалаем Статкевічам заплянаваны на 14:30.
Мікалай Статкевіч — адзіны з шасьці затрыманых 19 сьнежня 2010 году кандыдатаў на прэзыдэнта, каго дагэтуль трымаюць у вязьніцы. Статкевіча асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня.