Парашэнка: вайна скончыцца, калі вернуцца Данбас і Крым

Мірнае жыцьцё ва Ўкраіне адновіцца тады, калі краіна верне сабе Крым і Данбас, заявіў прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

«Колькі гэта зойме часу? Столькі, колькі трэба», — сказаў украінскі лідэр у інтэрвію тэлеканалу «СТБ».

У гэтым пытаньні, паводле яго, ня можа быць кампрамісаў.

Аптымальным сцэнаром Парашэнка лічыць спыненьне баявых дзеяньняў і вяртаньне пад кантроль Украіны ўсіх тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей мірным шляхам.

«Для гэтага намі ўжо ўчора публічна прапанавана на пасяджэньні трохбаковай рабочай групы супольны зварот Украіны і АБСЭ ў Расейскую Фэдэрацыю з шэрагам прапаноў па адводзе тэхнікі», — адзначыў ён.

Украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што важна вызваліць усіх палонных і забясьпечыць бесьперашкодны доступ прадстаўнікоў маніторынгавай місіі АБСЭ да ўсіх аб’ектаў.

Раней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што, адстойваючы свае інтарэсы ў Крыме, Расея пойдзе да канца.

Пуцін, у прыватнасьці, пагражаў заходнім лідэрам прымяненьнем ядзернай зброі, калі яны будуць перашкаджаць анэксіі Крыму. Ён распавёў пра гэта ў дакумэнтальным фільме «Крым. Шлях на радзіму», паказаным у сакавіку тэлеканалам «Россия 1».

Штучны падзел

Пятро Парашэнка таксама сказаў, што лічыць штучным падзел Украіны па пытаньнях мовы і веры.

«Калі на тэрыторыі Ўкраіны ня будзе акупацыйных войскаў, пытаньне прымірэньня наогул ня будзе стаяць, таму што нас нішто не разьядноўвае. Усе пытаньні нібыта нашага падзелу, якія тычацца мовы, зямлі, веры, любыя іншыя — яны абсалютна штучныя», — заявіў ён.

«І сёньня мы можам сьцьвярджаць, што ўкраінская нацыя, ўкраінская дзяржава і ўкраінскі народ ніколі не былі такімі аб’яднанымі, як цяпер», — дадаў Парашэнка.

«Тэза аб тым, што Ўкраіна расколатая — хлусьлівы, тэзіс пра тое, што нам неабходна прымірэньне — несправядлівы. Узаемаразуменьня сярод украінцаў мы дасягнем вельмі хутка», — лічыць украінскі прэзыдэнт.