Лёзунгі маскоўскага Першамаю: заробак, «Наваросія», «бандэраўская гадзіна»

Расейскія партыі і грамадзкія арганізацыі адзначылі Першамай шэсьцямі, мітынгамі і дэманстрацыямі. Сваіх прыхільнікаў на вуліцы Масквы вывелі адзінаросы, прафсаюзы і лідэры думскіх партый. «Лібэральны лягер» адмовіўся ад масавых акцый.

Найбольшую колькасьць дэманстрантаў вывела на маскоўскія вуліцы Фэдэрацыя незалежных прафсаюзаў Расеі (ФНПР) на чале зь Міхаілам Шмакавым. Арганізатары правялі шэсьце па Чырвонай плошчы. Паводле ацэнак кіраўніка сталічнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Сяргея Чарнова, у ім удзельнічалі больш за сто тысяч чалавек. У сваім звароце на сайце арганізацыі Міхаіл Шмакаў агучыў асноўны лёзунг: «Росту цэн — падваеньне заробку!». Разам з гэтым заклікам былі таксама лёзунгі, прымеркаваныя да Дня Перамогі: «Пакуль мы адзіныя — мы непераможныя!», «Май працоўны, Май пераможны. Мы верым, усё перамагае праца». Удзельнічала ў парадзе і «Адзіная Расея» зь лёзунгамі, прысьвечанымі сытуацыі ва Ўкраіне, у тым ліку з патрабаваньнем да Кіева прызнаць анэксію Крыма і права Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» на самавызначэньне.

Шматтысячнай акцыяй скарысталіся і апазыцыянэры — як перадае з Чырвонай плошчы фатограф «Новай газэты» Яўген Фельдман, невялікая група мітынгоўцаў прыйшла на яе са сьцягамі Расеі і ЭЗ і лёзунгамі «Расея гэта Эўропа!».


Шэсьце па Чырвонай плошчы працягвалася 40 хвілін.

Левыя сілы правялі асобны марш зь лёзунгамі: «Умацуем армію — абаронім Расею», «НАТО — вон з Украіны» і «Раздушым бандэраўскую гадзіну».