Амэрыканскі генэрал Філіп Брыдлаў не выключае, што расейскія войскі выкарыстоўваюць цяперашняе зацішша ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, каб правесьці перагрупоўку для магчымага наступу.
Такое дапушчэньне генэрал Брыдлаў, які зьяўляецца галоўнакамандуючым аб’яднаных ўзброеных сілаў НАТО ў Эўропе, зрабіў на пасяджэньні Камітэту Сэнату ЗША па ўзброеных сілах у Вашынгтоне.
«Гэтая падрыхтоўка, [якую праводзяць расейскія і прарасейскія сілы на ўсходзе Украіны], адпавядае магчымасьці наступу, і гэта якраз тое, што мы бачылі падчас некалькіх папярэдніх паўзаў у баях на ўсходзе Ўкраіны. Тое, што мы ўбачылі тады, адпавядала папаўненьню запасаў, вучэньням, таму, што мы называем аднаўленьнем і пераабсталяваньнем, падрыхтоўкай да нейкіх далейшых дзеяньняў. І мы бачым, што такое адбываецца падчас гэтага зацішша ў баях, якое наступіла пасьля спыненьня агню згодна з пагадненьнем 12 лютага. То бок мы ня ведаем, што спадар Пуцін мае на ўвазе. Але мы бачылі, што ён рабіў у мінулым, і што ён робіць падчас гэтай паўзы, і гэта мяне непакоіць», — сказаў Брыдлаў.
Брыдлаў ацэньвае сытуацыю ва Ўкраіне як «крохкую і няўстойлівую». Ён лічыць, што Расея цяпер «агрэсіўна ўжывае ўсе элемэнты нацыянальнай моцы — дыпляматычныя, інфармацыйныя і эканамічныя, а таксама вайсковыя». Паводле галоўнакамандуючага НАТО, Вашынгтону няма сэнсу выключаць любы варыянт адказу на гэтыя выклікі — у тым ліку і пастаўкі зброі ва Ўкраіну.
Амэрыканскі генэрал Філіп Брыдлаў не выключае, што расейскія войскі выкарыстоўваюць цяперашняе зацішша ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, каб правесьці перагрупоўку для магчымага наступу.