У выніку шматгадовых дыскусіяў неяк намалявалася ў мяне такая прыгожая фармулёвачка: «Беларусы — ці не адзіная нацыя, якую суседзі любяць і паважаюць больш, чым самі беларусы».
Ну сапраўды ж, паўсюль у сьвеце суседзі часта ненавідзяць альбо баяцца адзін аднаго. І толькі нас усе любяць. Расейцы проста ў захапленьні, што ад побытавай культуры, што ад характару, што ад чыстых вуліц. Украінцы любяць наш парадак і арганізаванасьць. Літоўцы ставяцца са зьмешаным пачуцьцём страху і павагі. Палякі ставяцца да нас відавочна лепш чым да расейцаў і ўкраінцаў. Габрэі адзначаюць, што сярод усіх суседніх краінаў менавіта ў Беларусі найменшы ўзровень антысэмітызму.
Зразумела, што пра канкрэтныя прычыны добрага стаўленьня можна спрачацца — многія скажуць, што нас любяць за тое, што мы «ніякія», ня надта любім і ўмеем адстойваць свае інтарэсы, не ідзем на канфлікты з тымі ж суседзямі. Але факт: сацыялёгія паказвае, што стаўленьне да беларусаў у суседніх краінах альбо проста добрае, альбо нават рэкордна добрае (у параўнаньні з іншымі нацыямі).
І толькі мы самі мацюкаем сябе апошнімі словамі (я тут не выключэньне), гадамі займаецца зацятым самаедзтвам, знаходзячы ў беларусаў усе магчымыя нэгатыўныя якасьці. Нават тыя, якія іншыя нацыі якраз лічаць пазытыўнымі.