«Пэрыядычна з вуснаў афіцыйнага кіраўніка гучаць рытуальныя заклікі, што трэба размаўляць з апазыцыяй. Гэта экспартны тавар. Раз на год такое можна прамовіць, каб паказаць, што ёсьць у нас пэўная эўрапейскасьць і разуменьне дэмакратычных асноў. Насамрэч, гэтага разуменьня няма. Максымум, на што арыентуе Лукашэнка вэртыкаль, — гэта выслухоўваць апазыцыю. І гэта з такой пагардай, маўляў, ня ўсе яны такія гады, зь некаторымі нават можна мець справы. Як быццам апазыцыйныя палітыкі — гэта асобная парода, а не такія самыя грамадзяне, як усе астатнія. Гэта пыхлівы погляд з адценьнем дыскрымінацыі. І тыя кантакты, пра якія кажа Лукашэнка, не прадугледжваюць канкурэнцыі, таго, што ўлада павінна мяняцца, што павінна быць ратацыя кіроўных эліт. Ён гатовы толькі выслухаць прапановы, як яму лепей кіраваць і як умацаваць сваю ўладу. Таму такія заявы Лукашэнкі — гэта „размовы на карысьць бедных“. Тым больш што апазыцыя аслабленая і расьцярушаная, у тым ліку праз рэпрэсіі і працу спэцслужбаў. І калі сёньня такая сытуацыя, пра якую кажуць „ляжачага ня б’юць“, то можна стварыць бачнасьць велікадушнасьці».
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што, гаворачы пра дыялёг з апазыцыяй, Лукашэнка дэманструе пагарду: