Фінляндыя ўжыла падводныя снарады супраць невядомага аб’екту

Патруль фінскай службы берагавой аховы 28 красавіка.

Міністар абароны не выключае, што гэта магла быць падводная лодка.

Фінскія ваенныя ўжылі партатыўныя падводныя снарады ў акваторыі непадалёк ад Хэльсынкі пасьля таго, як двойчы, пачынаючы з панядзелка, заўважылі там падазроны падводны аб’ект, перадае агенцтва Reuters.

Міністар абароны Карл Хаглунд заявіў мясцовым СМІ, што гэты аб’ект мог быць падводнай лодкай, і што субмарына, па ўсёй верагоднасьці, ужо пакінула раён, дзе была заўважаная. Кіраўнік абароннага ведамства не ўдакладніў, ці мае Расея нейкае дачыненьне да гэтай сытуацыі.

У кіраўніцтве ваенна-марскімі сіламі падкрэсьлілі, што партатыўныя снарады былі ўжытыя ў якасьці папераджальнага сыгналу, а не для паражэньня цэлі.

Інцыдэнт адбыўся на фоне перасьцярогаў у Эўропе адносна ваеннай актыўнасьці Расеі, якую заходнія краіны абвінавачваюць у падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае.

Раней у красавіку прадстаўнікі Швэцыі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Даніі і Ісьляндыі прынялі сумесную заяву пра гатоўнасьць разьвіваць сувязі ў галіне абароны з улікам выклікаў, якія зыходзяць ад Расеі.

Летась паведамлялася пра падлодку, заўважаную паблізу Стакгольму, што выклікала сур’ёзную занепакоенасьць у кіраўніцтве Швэцыі.