Заходнія санкцыі супраць Крамля дзейнічаюць

Ці можна рэальна вызначыць, ў што абыходзяцца Расеі міжнародныя санкцыі? Ці магчымая стабілізацыя эканамічнай сытуацыі ў Расеі? Ці можа прывесьці да фінансавага краху ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць Крамля?

Гэтыя і іншыя пытаньні абмяркоўваюць былы намесьнік Дзяржсакратара ЗША, супрацоўнік інстытуту Джона Макейна Дэйвід Крэймэр, былы дарадца расейскага ўраду, прафэсар эканомікі Міхаіл Бернштам, былы кіраўнік некалькіх фінансавых фірмаў у Расеі і ва Ўкраіне, дырэктар амэрыканскай фінансавай фірмы HWA Грэгары Грушко і вядучы Юры Жыгалкін.

Дэйвід Крэймэр

Дэйвід Крэймэр: Пуцін не зайшоў гэтак далёка, падрываючы Ўкраіну, як гэта магло здарыцца, калі б не было санкцыяў. Я думаю, што ён працягвае дзейнічаць з аглядкай, спадзеючыся прадухіліць увядзеньне новых штрафных мераў. Можна меркаваць, што Пуцін прыпыніў рух сэпаратыстаў у бок Марыюпалю або не распачаў ніякіх акцый, скажам, у дачыненьні да Харкаву, не жадаючы гэта рабіць да чэрвеньскага рашэньня эўрапейскіх сталіцаў пра будучыню санкцый. Вядома, як актыўна Крэмль спрабуе падарваць адзінства эўрапейскіх краінаў, каб аслабіць санкцыі. Словам, санкцыі аказваюць стрымальнае дзеяньне. Так, яны не прывялі да спыненьня ўмяшаньня Расеі ва ўкраінскія справы і вяртаньня Крыму, але ж на гэта ніхто і не разьлічваў. Ставілася мэта — даць Пуціну сыгнал аб цане агрэсіі. Я лічу, што міжнародны ціск на Маскву быў бы значна больш эфэктыўны, калі б Украіне былі прадастаўленыя сродкі для самаабароны, з дапамогай якіх яна б магла адэкватна адказаць на расейскі напад. Мала таго, я думаю, што Захад робіць памылку, не зьвяртаючыся да больш жорсткіх мераў ціску на Крэмль, як, напрыклад, адключэньня ад электроннай сеткі міжнародных разьлікаў SWIFT, ўвядзеньня санкцый у дачыненьні да «Газпрому» і яго кіраўніка спадара Мілера, які адпраўляецца ў Грэцыю і спрабуе пераканаць грэцкае ўрад выступіць супраць санкцый.

РС: У апошні час з вуснаў Уладзімера Пуціна і яго атачэньня прагучалі заявы, сутнасьць якіх заключаецца ў тым, што пік крызісу, хутчэй за ўсё, пераадолены і праблемы аказаліся, груба кажучы, не сьмяротнымі. Вы лічыце, што Ўладзімер Пуцін зможа выстаяць пад ціскам нізкіх коштаў нафты і санкцый? Маюць рацыю тыя, хто кажа пра выратавальную для ўлады цярплівасьць расейцаў?

міжнародны ціск на Маскву быў бы значна больш эфэктыўны, калі б Украіне былі прадастаўленыя сродкі для самаабароны

Дэйвід Крэймэр: Я думаю, што ён апынуўся ў бядзе. Зьяўляюцца прыкметы незадаволенасьці ў яго асяродзьдзі. У заходняй прэсе мы бачым усё больш паведамленьняў аб пратэстах у розных закутках краіны. Прадукты харчаваньня ў Расеі адчувальна падаражэлі, іх стала менш. І давайце не будзем забываць, што праблемы з прадуктамі зьявіліся не з-за заходніх санкцый, а з-за недарэчных контрсанкцый з боку Масквы, якія і прывялі да дэфіцыту харчаваньня. У выпадку працягу, а тым больш пагаршэньня санкцый, нічога добрага чакаць Крамлю не даводзіцца. Я ня думаю, што ён зможа захаваць статус-кво ў агляднай будучыні.

РС: Вы заклікаеце да ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць Крамля. Але што б вы адказалі тым, хто папярэджвае, што санкцыі, асабліва больш маштабныя, могуць стаць для расейскіх уладаў эфэктыўным інструмэнтам прапаганды: маўляў, Захад, Амэрыка душыць Расею?

Захад хутка вярнуўся б да ранейшых адносінаў з Расеяй, калі б Пуцін адступіў, але ён не дае яму такой магчымасьці

Дэйвід Крэймэр: Санкцыі не зьяўляюцца антырасейскімі па сваёй сутнасьці. Яны былі ўведзеныя ў адказ на рашэньні і дзеяньні Ўладзімера Пуціна і ўяўлялі сабой інструмэнт кропкавага ўзьдзеяньня на пэўных асобаў. Яны былі пашыраныя і накіраваны супраць банкаў і закранулі сфэру інвэстыцый, таму што Пуцін працягваў нарошчваць ціск. Сутнасьць справы складаецца ў тым, што гэтых санкцый не было б, калі б расейскія ўлады не прынялі рашэньня аб адарваньні Крыму і аб уварваньні ва Ўкраіну. Улады адной зь вядучых краінаў сьвету ня могуць прымаць такіх рашэньняў і разьлічваць на беспакаранасьць. Мы бачым, зь якім нежаданьнем заходнія краіны зьвяртаюцца да гэтых каральных мераў. Я цалкам упэўнены, што Захад хутка вярнуўся б да ранейшых адносінаў з Расеяй, калі б Пуцін адступіў, але ён не дае яму такой магчымасьці.

РС: Прафэсар Бернштам, ці можна з дапамогай даступных лічбаў, статыстыкі, з дапамогай, так бы мовіць, навукі разьвеяць супярэчнасьці расійскай рэакцыі на санкцыі? З аднаго боку, расейскія ўлады, здавалася б, прызнаюць важкасьць санкцый, гатовыя сьпісаць на іх сякія-такія праблемы, з другога боку, яны радасна рапартуюць аб надыходзячым росьце эканомікі?

Міхаіл Бернштам: На аснове той статыстыкі, якую яны публікуюць, можна сказаць, што ідзе эканамічны спад, і гэты эканамічны спад будзе зацяжным, але ня вельмі глыбокім, скажам, 4 працэнты на год, можа быць, 5 працэнтаў на год, можа быць, як яны кажуць, 3 працэнты на год у 2015 годзе, але гэта на некалькі гадоў наперад да таго часу, пакуль ім прыйдзецца выплачваць плацяжы па заходніх даўгах. Яны ня могуць з-за санкцый рэфінансаваць свае плацяжы. У выніку ў іх, хутчэй за ўсё, будзе эканамічны спад, таму што яны ня змогуць падтрымліваць рост грашовай масы, ня змогуць падтрымліваць інвэстыцыі. Ужо ў першым квартале 2015 інвэстыцыі ўпалі на 6 працэнтаў, а ў мінулым годзе яны ўпалі толькі на 2 працэнты, што азначае, што курс ужо зададзены на доўгія месяцы наперад, на два-тры гады, спад не глыбокі, але працяглы.

Цалкам матэрыял чытаць тут.​