«Была б Лукашэнкі воля, замкнуў бы межы, як у Паўночнай Карэі...»

Хто вінаваты ў тым, што дасюль ня дзейнічае малы памежны рух Беларусі зь Літвой і Польшчай, на які б маглі разьлічваць і гарадзенцы? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Хлопец: «Магчыма, гэта ня вельмі добра для нашае дзяржавы, бо многія людзі будуць карыстацца гэтым занадта шмат. Мы зарабляем грошы тут, а трацім іх там. Мы пакідаем там вялікія сродкі, таму, відаць, малы памежны рух і ня дзейнічае».

Спадар: «Лукашэнка баіцца, бо будуць часьцей езьдзіць людзі, будуць болей праўды ведаць — таму і не пускаюць. Была б яго воля, ён наагул замкнуў бы межы, так, як у Паўночнай Карэі».

Спадарыня: «Я нават ня ведаю, што вам сказаць. Хутчэй за ўсё, гэта нявыгадна нашым уладам. Яны хочуць, каб нашы беларусы меней выяжджалі за мяжу, каб набывалі нашы тавары, а не ў Літве і Польшчы. Але мы ўсе аддаём перавагу замежным таварам па якасьці і цане».

Спадар: «Усе падобныя рашэньні ў нас прымае кіраўніцтва дзяржавы, а паколькі яны не прымалі такога рашэньня, то і вінаватыя. Іх, значыцца, нешта не задавальняе, бо калі б было выгадна, то рашэньне прынялі б. Нашы тавары вунь ляжаць на складах, а ўсё цягнуць з-за мяжы, бо там і па якасьці лепшыя, і па цане. А нам перакрываюць кісларод».

Your browser doesn’t support HTML5

«Была б Лукашэнкі воля, замкнуў бы межы, як у Паўночнай Карэі...»

Спадар: «Лепей было б, каб далі людзям магчымасьць свабодна езьдзіць, каб зрабілі тут безгранічча, было б значна зручней».

Дзяўчына: «Мне здаецца, што мы самі вінаватыя, бо нягледзячы на тое, што нам не адкрылі гэты вольны выезд за мяжу, мы ўжо імкнёмся езьдзіць пастаянна, нешта возім, парушаем законы. А яшчэ магчыма, што наша эканоміка проста разваліцца, калі мы будзем кожны дзень туды езьдзіць па хлеб і іншыя харчы. Наша краіна можа папросту разваліцца».