Сотня маладзёнаў пад сьцягамі БРСМ і «Белай Русі» гадзіну чакала прыезду 15 расейскіх байкераў пад Курганам славы. Кіраваў урачыстай сустрэчай намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Бузоўскі.
«За 10 хвілінаў у нас былі вырашыныя ўсе пытаньні па праезьдзе калёны на тэрыторыі Беларусі, — заявіў кіраўнік беларускіх „Начных ваўкоў“ Аляксей Вакульчык. — У момант спрацавала дзяржаўтаінспэкцыя, упраўленьне ўнутраных справаў, гарвыканкам і аблвыканкам».
«Начных ваўкоў», якіх не пажадалі бачыць у сябе ўлады Польшчы і Нямеччыны, у Беларусі сустракалі з размахам і як дарагіх гасьцей.
Некаторыя абласныя і гарадзкія чыноўнікі чакалі іх прыбыцьця яшчэ з поўдня. Пад трэцюю гадзіну пад манумэнтам стала зьбірацца моладзь са сьцягамі БРСМ і Белай Русі.
Паміж журналістамі ў гэты час разыходзіліся чуткі, што расейскія госьці заехалі на запраўку «выпіць кавы».
Ігар Бузоўскі распавёў, што такую ўрачыстую сустрэчу арганізавалі амаль спантанна. Актывісты, што былі на імпрэзах у горадзе, проста адгнукнуліся на заклік БРСМ «сустрэць рабят, якія прыяжджаюць на байках».
Дзяўчаты ў зялёна-чырвоных касьцюмах ўласнаручна чаплялі ўсім альтэрнатыўныя стужкі колеру дзяржаўнага сьцяга з кветкай яблыні.
«Гэта ўсім трэба», — пераконвалі беларускія прыгажуні. Стужкамі адразу ўпрыгожылі сябе журналісты дзяржаўных тэлеканалаў.
Праз паўгадзіны калёна з 30 беларускіх байкераў, у тым ліку і з клюбу «Начныя ваўкі», прыехала пад Курган на матацыклах, спрэс упрыгожаных стужкамі георгіеўскімі.
Беларускі «Начны воўк» меў іх у руцэ цэлую вязанку, іх ахвотна разьбіралі прысутныя і чаплялі разам з чырвона-зялёнай.
«Гэта памяць пра загінулых, сымбаль перамогі, — тлумачыць байкер. — Я ад гэтай стужкі не адмаўляўся».
Беларускі «начны воўк» Павал кажа, што мотапрабег ідзе «спакойна і па пляне». На пытаньне пра магчымыя пратэсты адразу перапыняе словамі:
«Гэта ўсё лухта. Усё гэта робяць тыя, хто сядзяць у Інтэрнэце і нічога ня робяць, — упэўненая кажа ён. — Пра людзей мяркуюць па справах. Паглядзіце, колькі людзей прыехала падтрымаць».
А чацьвертай паўтарадзясятка «Начных ваўкоў» па-гаспадарску заехалі на пляцоўку перад Курганам славы і вышыхтаваліся ў шэраг. «А вы маглі б „парычаць“ для нас», — адразу кінуўся да іх журналіст БТ з просьбай на камэру «параўсьці маторам». Просьба была выкананая.
Кіраўнік мотапрабегу Андрэй Баброўскі ў гэты час сабраў невялікію прэсавую канфэрэнцыю, падчас якой высьветлілася, што сам ён зь Менску і «беларус па крыві». Па ягоных словах у мотапрабегу ўдзельнічае толькі 15 чалавек. Плянавалася нашмат больш, але камусьці не далі візаў, а ў каго іншыя праблемы.
Кажа, што з таго боку мяжы да іх даходзіць супярэчлівая інфармацыя, але афіцыйных паведамленьняў пра скасаваньне візаў ці забарону перасоўваньня па тэрыторыі іншых краінаў яны не атрымлівалі:
«Мы прывядзем усе афіцыйныя мерапрыемствы. Нас мусіць суправаджаць прадстаўнік амбасады, які мусіць зафіксаваць усе парушэньні ў дачыненьні да нас пры пераходзе мяжы. Адзінае, што мы можам выказаць спачуваньні, але спадзяемся, што розум пераможа ў нашых суседзяў», — кажа Баброўскі.
Адрэгаваўшы на пытаньне, ці праўда, што частка «Начных ваўкоў» ужо трапіла ў Польшчу, кажа, што ад тых, хто ўжо там, ведае, што на мяжы іх даглядалі вельмі жорстка — «правяралі і абшуквалі».
Не зьмянілася і канцавая кропка маршруту — Бэрлін. Баброўскі шмат разоў акцэнтуе ўвагу, што мэта мотапрабегу — ушанаваньне памяці загінулых у вайне і адхрышчваецца ад любой сувязі з палітыкай.
«Магу меркаваць, што нас могуць не пусьціць па адной простай прычыне. Там, дзе мы зьяўляемся, там адразу шмат нашых аднадумцаў. Разьвіваецца агульны дух перамогі, недзе, напэўна, Расеі», — у гэтым месцы Баброўскі папраўляе сам сябе, замяняючы Расею Савецкім саюзам, і кажа, што менавіта Савецкі Саюз зрабіў вырашальны ўнёсак у перамогу.
«Я не называю сябе байкерам, — кажа Баброўскі, — я рускі матацыкліст».
У плянах «Начных ваўкоў» пасьля Кургана славы — наведваньне Хатыні, а затым паездка ў Берасьце і наведваньне Брэсцкай крэпасьці. Па дарозе да Брэсту да іх далучацца 10 беларускіх «начных ваўкоў».
«Далей мы не паедзем. Мы рыхтуемся да паездкі ў Луганск. — кажа Аляксей Вакульчык. — Там у нас пачатак мотасэзона. Шмат сяброў, якія патрабуюць дапамогі».
«Мы едзем падтрымліваць людзей, а не вайскоўцаў, — тлумачыць Вакульчык мотапрабег у горад на ўсходзе Ўкраіны, які ўжо год знаходзіцца пад кантролем узброеных сэпаратыстаў. — Мы едзем з гуманітарнай дапамогай».
Вакульчык кажа, што пра прычыны забароны мотапрабегу ў эўрапэйскіх краінах лепш запытацца ў тых, хто забараняў. А вось Андрэю Баброўскаму самому не ўдаецца сысьці ад палітыкі ў сваіх адказах.
«Мы яшчэ тыдзень таму плянавалі наведаць у Варшаве Валынскі сквэр. Мы надалі адмысловае значэньне гэтай трагедыі, бо разумеем, што зараз абмяркоўваюць Крым, далучэньне... — кажа Баброўскі. — Магу сказаць адно: калі б з Крымам не адбылося тое, што адбылося летась, там была б другая Валынь. Вось і ўсё».
Некалькі разоў даводзіцца чуць ад беларускіх і расейскіх байкераў пра тое, як іх падтрымалі польскія калегі, заявіўшы, што ім, маўляў, сорамна за свой урад, які «напалохаўся трыцацці байкераў».
А вось, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі і сам кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі кажа, што такія мотапрабегі яны падтрымліваюць штогод. І яго, маўляў, зьдзіўляе, што сёлета такі ажыятаж.
А «рабяты на матацыклах», па ягоных словах, праводзяць найцяжэшую працу па выхаваньні моладзі. Пацьвярджае, што чыноўнікі на ўсіх узроўнях зрабілі ўсё магчымае, каб мотапрабег быў бясьпечным і былі вырашаныя нават такія пытаньні, як харчаваньне і запраўка.
На пытаньне, ці не бянтэжыць яго тое, што Польшча і Нямеччына не пажадалі бачыць мотапрабег на сваёй тэрыторыі, Бузоўскі адказвае максымальна цьмяна:
«Бянтэжаньне можа быць на ўзроўні суб’ктывізму... Калі перадзёргваць і тую і іншую тэматыку, у прыватнасьці, наконт Вялікай айчыннай вайны, то яе можна выкарыстоўваць вельмі па-рознаму. І памкненьне патрыятычна скіраваных сіл, у тым ліку і Саюзу моладзі і органаў выканаўчай і заканадаўчай улады Беларусі, нацэленыя на тое, каб гэтыя перамогі былі выкарыстаныя выключна ў мэтах стварэньня і Беларусі і нашых краінаў».
Цырымонія ўскладаньня кветак праходзіць вельмі хутка і адладжана. Кіруе ёю ў тым ліку фатограф з георгіеўскай стужкай на шлейцы камэры:
«Схіліліся і застылі на некалькі сэкундаў. Гатова!» — кажа ён. Пасьля ўрачыстага ўскладаньня — супольнае фота. Яшчэ некалькі хвілін — байкеры разьяжджаюцца і плошча перад Курганам славы імгненна пусьцее.
Да аўтстаянкі я іду у кампаніі 15-гадовых падлеткаў, якіх сюды прывезьлі на аўтобусе. Усе яны — сябры БРСМ. Распавядаюць, што запрасілі сюды «з гарвыканкаму», праўда, што тут будзе, асабліва не тлумачылі, а проста сказалі быць у пэўны час.
«Ну хоць нейкія думкі ці пачуцьці ёсьць у вас наконт таго, што тут было?», — пытаюся я.
«Нам матацыклы падабаюцца», — кажуць хлопцы.