Лукашэнка распарадзіўся адкрыць пасольства ў Грузіі ВІДЭА

  • БелаПАН

Your browser doesn’t support HTML5

Лукашэнка ўпершыню наведвае Грузію ВІДЭА

Пасольства Беларусі адкрыецца ў Грузіі ў 2016 годзе, заявіў Аляксандар Лукашэнка пасьля нефармальнай сустрэчы 24 красавіка з прэзыдэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі ў Батумі (Аўтаномная Рэспубліка Аджарыя), паведамляе рэсурс Новости-Грузия.

«У нас падыход такі: калі гандлёва-эканамічныя адносіны пераходзяць на высокі ўзровень, мы прымаем рашэньне аб адкрыцці пасольстваў. Гандлёвы абарот паміж Грузіяй і Беларусьсю — 200 мільёнаў, мы мяркуем, што павінна быць дыпляматычнае прадстаўніцтва, якое адкрыецца праз год. Што да палітыкі, у нас тут няма ніякіх праблем», — заявіў Лукашэнка журналістам.

У сваю чаргу Маргвелашвілі выказаў удзячнасьць беларускаму кіраўніку за візыт у Грузію.

«Хачу падкрэсьліць, што ў асобе Аляксандра Лукашэнкі Грузія ўбачыла сапраўднага сябра, які паважае краіну, яе дзяржаўнасьць, сувэрэнітэт і, зыходзячы з гэтага, думае пра максымальнае паглыбленьне адносінаў, а таксама пра працу для агульнага мірнага асяродзьдзя», — заявіў Маргвелашвілі.

Сёньня таксама адбылася сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком ураду Аўтаномнай Рэспублікі Аджарыі Арчылам Хабадзэ. Беларускі кіраўнік агледзеў мясцовыя прадпрыемствы і прысутнічаў на цырымоніі падпісаньня дамовы аб гарадах-пабрацімах паміж Батумі і Берасьцем.

Апрача таго, у Батумі адбыўся афіцыйны абед у гонар кіраўніка беларускай дзяржавы.