Аўтсайдары Гедройця (2)

Насамрэч, шмат якія з намінаваных кніг чытаць карысна, нават калі яны й ня трапілі ў доўгі сьпіс прэміі імя Ежы Гедройця. У мяне так часта бывае з «Оскарам». Як глядзіш прэмію «Оскар», то можна й перажываць і заўзець за пераможцу — любімага рэжысэра ці актора (акторку), а можна, ня будучы экспэртам, пачынаць усіх намінантаў глядзець запар. Сам факт намінацыі абяцае, што прадукт выйшаў — не абы-што.

Ільля Сін. Белетрыстыка. — Мінск: «Макулатура» / «Каўчэг», 2014

Ільля Сін — шэры кардынал беларускай альтэрнатыўнай прозы, добра-такі парадзелай пасьля бумбамлітаўскага выбуху 1990-х. Здавалася б, да чаго тут Пташнікаў, але ў кнігі Сіна я таксама заходжу, нібы ў незнаёмую раку — ня ведаючы, як і што будзе, адно толькі з пэўнасьцю, што выйду з гэтай новай вады іншым чалавекам. Сін мяшае ўсё з усім: урадавыя дэлегацыі прымаюць аб’ект — інфэрнальны замак; псыхааналітык гаворыць, але твар ягоны пачынае абсыпацца і з вачніц лезе жамяра; дзяўчына і кіроўца менскага тралейбуса — адэпты BDSM і гэтак да бясконцасьці, а дакладней, да канца кніжкі. Усё распадаецца: сюжэт апавяданьня, ахвота яго пісаць і дапісваць, літары, словы раструшчваюцца, васямнаццаць разоў зьмяняецца завязка, і апавядальнік марна спрабуе працягнуць і перакрыжаваць лініі. І ўсё гэта пахне вільготным беларускім паветрам — ці то нейкімі лёхамі й лябірынтамі, ці то цэхам чарговага заводу альбо нумарам заштатнага райцэнтраўскага гатэлю. Файная кніжка: тут ня трэба «счытваць сэнсы» — ты чытаеш, а Ільля ў гэты момант сам счытвае цябе.

Неролі. Нявеста-пачвара. — Мінск: BYBOOKS, 2014

Гэтая пазыцыя зьдзівіла найбольш. Загадкавая кніжыца. І псэўдонім, непадуладны беларускаму аканьню, і сам зьмест — два невялічкія апавяданьні. На што спадзяваўся аўтар (аўтарка) і выдавецтва, намінуючы «Нявесту-пачвару» на прэмію Гедройця? Ужо ж ясная рэч, не на перамогу. За два аповеды такія ўзнагароды не даюць. Проста заявіць пра сябе? Але ж зразумела, што патонеш у процьме іншых намінантаў. Тым ня менш, творы вельмі нядрэнныя: балотная гатычная проза з падтэкстам і бэкграўндам. Крыху кульгае мова, але сам ход пісьма, створаны аўтарам (аўтаркай) настрой вельмі сымпатычны. Чакаем працягу, найперш таго, што зьявіцца паўнавартасная кніга і адкрыецца новае імя. Хоць наконт апошняга ёсьць сумневы: мне падаецца, што за Неролі хаваецца хтосьці зь вядомых літаратараў (літаратарак).

Аляксандр І. Бацкель. Маёнтак Рыбы: кароткая проза. Мінск: Ковчег, 2014

Другая кніга другой праявы Сяргея Календы — Аляксандра І. Бацкеля — гэткая ж экспэрымэнтальная, як і першая, «Мімікрыя». Адно што там хаця б захоўваўся прывід лінейнага раману, а тут кніжка складаецца амаль з сотні фрагмэнцікаў. Агулам — так сабе, пачатковы сюжэт героя-даўншыфтара, які жыве-працуе на ўлоньні прыроды і жыве зь зямлі, з часам некуды зьнікае, а застаецца толькі калейдаскоп замалёвак (ці, як нашаніўцы казалі, «абразкоў»), прысьвечаных штораз новаму загалоўнаму слову, нічым не аб’яднаных. «Што хацеў сказаць аўтар?» — задаў бы пытаньне якісь гіпатэтычны Рыгор Шкраба. Мне падаецца — нічога, ён проста хацеў пісаць, і самы працэс пісьма, шматкроць згаданы ў тэксьце кнігі, захапляе аўтара настолькі, што ўсё астатняе — стыль, мэсыдж, сюжэт, дэталь, мэтафара — адыходзіць на другі плян. На сярэдзіне кнігі чытача наведвае думка, што аўтар проста сядаў раніцой за працоўны стол, пісаў загалоўнае слова і валіў лес, пакуль старонка не канчалася. Дзеля справядлівасьці, тры-чатыры абразкі, амаль казкі, атрымаліся няблага. Але не настолькі, каб узяцца іх некалі перачытваць.

Алесь Бяляцкі. Іртутнае срэбра жыцьця. — Мінск, 2014. Алесь Бяляцкі. Халоднае крыло Радзімы. — Вільня, 2014

Імя Алеся Бяляцкага асацыюецца ў кожнага з праваабарончым рухам, палітвязьнямі, адраджэнствам 1980-х. Літаратуры на гэта, па сутнасьці, пляваць. Кніга альбо атрымалася, альбо не. Што да намінаваных на прэмію дзьвюх кніг Бяляцкага, я казаў бы «атрымалася» толькі ў дачыненьні да адной — «Іртутнага срэбра жыцьця». Другі зборнік «Халоднае крыло Радзімы» паўтарае ў задуме папярэдні («Асьвечаныя беларушчынай») і зьяўляецца спэцыфічным зборам твораў, куды ўключана ўсё, што толькі здолеў Бяляцкі недзе апублікаваць у 1990-я — 2000-я, з дадаткам турэмных лістоў і цытатаў з тых самых лістоў, і таму самая функцыя такой кнігі размываецца. Бяляцкі — чалавек высокай рытарычнай культуры, і чытаць яго адно задавальненьне незалежна ад тэмы. «Іртутнае срэбра жыцьця», з шматабяцальным сэрыяльным падзагалоўкам «Пралог», структураванае паводле датаваных лістоў з калёніі, крок за крокам і дзень за днём узнаўляе паўгодзьдзе перад арыштам Алеся Бяляцкага. Хроніка, настолькі дакладна выпісаная аўтарам з памяці, фантастычна дэталізаваная — успомнілася кожная дробязь зь безьлічы паездак у праваабарончых справах, кожная сустрэча і кожная эмоцыя пры сутыкненьні з новым пэйзажам ці новым чалавекам. Гэта паліталягічны і праваабарончы нон-фікшн, які пакуль, магчыма, ня вельмі разыдзецца ў масах (з прычыны апазыцыйнасьці аўтара), але некалі будзе справядліва ацэнены.

Міхаіл Баярын. Самабыцьцё. — Вільня: «Логвінаў», 2014

Яшчэ адна нестандартная пазыцыя ў сьпісе намінантаў. Нататкі з санскрыталягічнымі экскурсамі, спалучаныя зь перакладамі старажытнай паэзіі і развагамі пра «беларускі сьвет». Некалі ўсё гэта вельмі арганічна глядзелася ў блогу Міхася Баярына, дзе раз-пораз зьяўляліся часткі перакладзенай ім Бхагавад-Гіты і аналітычныя лінгвістычныя разборы «цёмных месцаў», а таксама падрадковікі даўняе паэмы. Сабраныя ў кнігу, тэксты выглядаюць чытаньнем для філёлягаў і санскрытолягаў, але менш за ўсё — для аматараў мастацкай прозы ці то нон-фікшн. Безумоўна, частку кнігі можна назваць эсэістыкай, аднак і тут жанр эсэ балянсуе на мяжы навуковага артыкулу, сыходзячы сваімі каранямі ў такія далёкія далечыні, што гэта нават пачынае захапляць. Як наагул захапляе контр-культура.

Зрэшты, уся прэмія Ежы Гедройця чацьверты год запар паказвае сябе як узнагарода за контркультурную прозу, якая нейкім чынам рассоўвае межы, дакляруе мажлівасьці й дэфармуе далягляды беларускага тэксту. Застаецца чакаць, паводле Ўладзімера Жылкі, што зь цягам часу «мы пяройдзем мяжу ў невымоўнае, за рубеж чалавечага слова». Ня ведаю, як хто — я дык проста не магу дачакацца.