Чачэнскі кіраўнік Рамзан Кадыраў загадаў страляць на зьнішчэньне, калі сілавікі зь іншых рэгіёнаў Расейскай Фэдэрацыі паспрабуюць праводзіць спэцапэрацыі на тэрыторыі Чачні без узгадненьня зь мясцовымі ўладамі.
Як паведамляе расейскі тэлеканал «Дождь», пра гэта Кадыраў заявіў на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў Чачні 22 красавіка.
«Я афіцыйна заяўляю, калі бяз вашага ведама на вашай тэрыторыі зьяўляецца, ня мае значэньня — хай масквіч ці стаўраполец — адкрыць агонь на зьнішчэньне. З намі павінны лічыцца», — цытуе Кадырава «Дождь».
Раней кіраўнік Чачні назваў незаконнымі дзеяньні стаўрапальскіх паліцыянтаў, якія падчас апэрацыі ў Грозным забілі Джамбулата Дадаева, які знаходзіўся ў фэдэральным вышуку паводле падазрэньня ў нанясеньні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.