Студэнты ЭГУ занепакоеныя значным павелічэньнем платы за навучаньне ў апошнія гады, — заявіў прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі 22 красавіка на онлайн-брыфінгу па выніках першай сустрэчы новага рэктара ЭГУ са студэнтамі.
Кучынскі адзначыў, што на сустрэчы з новым рэктарам студэнты выказвалі заклапочанасьць павелічэньнем платы за навучаньне, якая яшчэ некалькі гадоў таму складала 1.200, а зараз — 2.500 эўра ў год.
16 красавіка новы рэктар ЭГУ Дэйвід Полік паведаміў, што дэфіцыт бюджэту ўнівэрсытэту складае 1 млн. даляраў ЗША. Паводле яго словаў, адной з магчымасьцяў, якія неабходна вывучыць у межах вырашэньня фінансавых праблем ЭГУ, зьяўляецца перагляд існых ставак платы за вучобу. «Калі сярод нашых студэнтаў ёсьць тыя, хто можа дазволіць сабе плаціць больш, яны, магчыма, і павінны плаціць больш, і наадварот», — растлумачыў Полік.
Кучынскі адзначыў, што студэнты задавалі Поліку пытаньне, ці існуе канкрэтны мэханізм, каб выявіць тых, хто можа плаціць. «Адказу на пытаньне не было», — сказаў ён.
Разам з тым Полік паведаміў, што сёлета плата за навучаньне «адназначна ня будзе павялічвацца». Ён таксама запэўніў, што ЭГУ працягне павышаць стыпэндыі студэнтам. Адказваючы на пытанне, ці ня стане сыстэма аплаты для грамадзян Беларусі больш гнуткай у сувязі з дэвальвацыяй у краіне, новы рэктар ЭГУ сказаў, што з гэтым ёсьць складанасьці. Полік адзначыў, што праблемы, зьвязаныя з дэфіцытам, «уплываюць на ўсё, але гэта ня значыць, што ўсе праграмы будуць скарачацца».
Ён таксама выказаў надзею, што ЭГУ будзе старацца захаваць наяўныя суадносіны паміж колькасьцю студэнтаў і выкладнікаў, якія цяпер складаюць у залежнасьці ад праграмы ад пяці да васьмі студэнтаў на выкладніка. На гэты конт Кучынскі сказаў, што такія суадносіны робяць атмасфэру ў ЭГУ асаблівай і камфортнай для вучобы.
«Мы жадаем посьпеху новаму рэктару, перад якім стаіць шмат задач, — сказаў Кучынскі. — Аднак мы канстатуем адсутнасьць палітыкі празрыстасьці ў адносінах са студэнтамі і донарамі».
Кандыдатура амэрыканскага прафэсара Дэвіда Поліка на пасаду новага рэктара ЭГУ была ўхваленая 3 красавіка на агульным сходзе заснавальнікаў. Полік працуе ў ЭГУ з сакавіка 2014 года — спачатку ён быў першым прарэктарам і галоўным апэрацыйным дырэктарам, а ў кастрычніку стаў часовым выканаўцам абавязкаў рэктара ЭГУ.