З 1 траўня 2015 года падакцызныя тавары ў асабістым багажы або паліва ў баку асабістага аўтамабіля могуць бязмытна ўвозіцца ў Літву не часьцей, чым 3 разы на месяц, паведамляе auto.tut.by.
Сёньня беларусы (не маладзейшыя за 17 гадоў) могуць завезьці праз наземную мяжу зь Літвой ня больш за 40 (2 пачкі) цыгарэт. Мытам і падаткамі да гэтага часу не абкладаліся паліва і аліва ў стацыянарных ёмістасьцях паліва і аліваў транспартнага сродка асабістага карыстаньня, на якім асоба падарожнічае. Акрамя таго, да 1 траўня можна бязмытна завезьці ў каністры ня больш за 10 літраў паліва для рухавіка на адзін транспартны сродак.
— Калі супрацоўнік літоўскай мытні выявіць, што тавары або паліва ўвозяцца грамадзянінам чацьвёрты і больш разоў за месяц, яму давядзецца заплаціць падаткі і мытныя зборы, — паведамілі AUTO.TUT.BY ў Мытным дэпартамэнце Міністэрства фінансаў Літоўскай рэспублікі. — Кантроль тавараў і паліва, што ўвозяцца падарожнікамі, узмоцнены з улікам досьведу суседніх краін і ў мэтах барацьбы зь «ценявой эканомікай».
Як гэта будзе працаваць?
Новаўвядзеньне ніяк не закране беларусаў, якія наведваюць Літву тры і менш разоў на месяц. Тыя ж, хто паедзе 4-ты раз або больш, заплаціць зборы за перамяшчэньне празь мяжу, напрыклад, паліва і цыгарэтаў.
У мытным дэпартамэнце Літвы AUTO.TUT.BY растлумачылі: вызначаць колькасьць і кошт тавару, якая падпадае пад выплату збораў, мытнікі будуць на месцах.
Вось некалькі прыкладаў.
Дызэльнае паліва: калі ў баку вашага аўтамабіля на момант уезду ў Літву знаходзіцца 10 літраў саляркі, сума збораў (акцыз плюс ПДВ) складзе 4 эўра, 20 літраў — каля 10 эўра, 60 літраў — каля 25 эўра.
Бэнзіны: калі ў баку вашага аўтамабіля на момант уезду ў Літву знаходзіцца 10 літраў бэнзіну, сума збораў (акцыз плюс ПДВ) складзе 6 эўра, 20 літраў — каля 13 эўра.
Важна: колькасьць перасячэньняў мяжы «прывязаныя» да чалавека, а не аўтамабіля! Гэта значыць, калі вы тры разы заяжджалі ў Літву на аўтобусе ці цягніку, а чацьвёрты — паехалі на асабістым аўто, зборы за ўвезенае паліва давядзецца заплаціць.
— Што тычыцца цыгарэт, то тут сума збораў будзе вар’іравацца ў залежнасьці ад маркі, яе палічыць мытнік пры ўвозе грамадзянінам. У цэлым жа варта ведаць, што стаўка ПДВ у Літве — 21%, — нагадалі ў Мытным дэпартамэнце. Літоўскія мытнікі выказалі ўпэўненасьць у тым, што для «звычайных беларусаў, якія прыяжджаюць у Літву адпачываць» дадзенае ўзмацненьне жорсткасьці правіл ня стане «непрыемным сюрпрызам», барацьба ідзе менавіта з «шэрым увозам».
Як ня раз заяўлялі прадстаўнікі літоўскага боку, асноўнай праблемай для літоўцаў сталі беларускае паліва і цыгарэты: «З Калінінградзкай вобласьці моцна скараціліся патокі транспарту, ёсьць праблемы з падвышаным кантролем літоўскіх машын. Зьменшыліся патокі як паліва, так і цыгарэт, таму павялічылася верагоднасьць завозу цыгарэт зь Беларусі», — заявіў нядаўна мясцовым СМІ намесьнік гендырэктара Мытнага дэпартамэнту Літвы Вігантас Пайгозінас пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Літвы Альгірдасам Буткявічусам. Паводле Пайгозінаса, у 2015 годзе работнікі літоўскай мытні ўсю ўвагу будуць надаваць мяжы зь Беларусьсю.