Raiffeisen прагназуе інфляцыю ў Беларусі на ўзроўні 23%

  • БелаПАН

Невясёлыя карцінкі

У 2015 годзе інфляцыя ў Беларусі можа скласьці 23% — такі прагноз аналітыкаў аўстрыйскай банкаўскай групы Raiffeisen.

Згодна з ацэнкамі экспэртаў Raiffeisen, прыведзенымі ў эканамічным аглядзе «Прыёрбанку» («Прыёрбанк» уваходзіць у банкаўскую групу Raiffeisen Bank International), у 2015 годзе ВУП Беларусі зьнізіцца на 2%, прамысловая вытворчасьць — на 5%.

Намінальная заработная плата, мяркуюць аналітыкі, вырасьце на 15%, беспрацоўе складзе 1%, дэфіцыт рахунку наяўных апэрацый будзе на ўзроўні 5,9% ВУП, а золатавалютныя рэзэрвы паводле вынікаў 2015 года ня зьменяцца і складуць 5,1 млрд. даляраў.

Цяперашні прагноз Raiffeisen адносна парамэтраў разьвіцьця беларускай эканомікі перагледжаны ў бок пагаршэньня. У пачатку года аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы чакалі, што прамысловая вытворчасьць у Беларусі вырасьце на 1% у 2015 годзе, ВУП ня зьнізіцца, а інфляцыя складзе 18%.

Варта зазначыць, што на мінулым тыдні свае прагнозныя ацэнкі разьвіцьця беларускай эканомікі абнародаваў і Міжнародны валютны фонд. Згодна зь імі, ВУП Беларусі сёлета зьнізіцца на 2,3%, інфляцыя складзе 22,1%, а дэфіцыт рахунку наяўных апэрацый будзе на ўзроўні 7% ВУП.

«У Беларусі ў 2015 годзе, як чакаецца, будзе назірацца рэцэсія», — гаворыцца ў красавіцкім дакладзе МВФ «Пэрспэктывы разьвіцьця сусьветнай эканомікі». Паводле прагнозаў фонду, і ў наступным годзе эканамічнага росту ў Беларусі можа ня быць — МВФ чакае ў 2016 годзе зьніжэнне беларускага ВУП на 0,1%.

Каб «утаймаваць інфляцыю і зьменшыць зьнешнія дысбалянсы», міжнародныя экспэрты рэкамэндуюць уладам Беларусі спалучаць гнуткасьць абменнага курсу з жорсткай макраэканамічнай палітыкай і глыбокімі структурнымі рэформамі.

За першы квартал 2015 года інфляцыя ў Беларусі склала 4,9%, а ВУП зьнізіўся на 2%. Афіцыйны прагноз беларускіх уладаў, зацьверджаны ў сьнежні мінулага года, прадугледжваў гадавы рост ВУП на 0,2–0,7% і зьніжэньне інфляцыі да 12%. У студзені 2015 года, пасьля дэвальвацыі рубля, Нацбанк перагледзеў прагноз інфляцыі ў бок павелічэньня да 18–20%.