Калі б гэта не адпавядала іхнай палітычнай пазыцыі, хлопец і дзяўчына, заўважаныя ў Віцебску, гандлявалі б нечым іншым. Але іх заўважалі менавіта з савецкімі сьцяжкамі, прычым маладыя людзі торкалі іх у рукі мінакам, а потым паказвалі паперку з коштам і лёзунгам «Народжаныя ў СССР».
Пра ўсё гэта Павал Левінаў напісаў у лісьце на імя кіраўніка абласной міліцыі. І атрымаў адказ, што ягоная заява перасланая ў Кастрычніцкі райаддзел — па месцы здарэньня. Праваабаронца прасіў, каб гэтую справу вышэйшае міліцэйскае кіраўніцтва ўзяло на асабісты кантроль, аднак пра гэта ў адказе няма ні слова.
Між тым сытуацыя з распаўсюджваньнем савецкіх сьцяжкоў у Віцебску набывае скандальны характар. Людзі абураюцца, што распаўсюднікі чапляюцца да іх — перадусім гэта тычыцца наведнікаў гандлёвага цэнтру «Эвіком», каля якога хлопца і дзяўчыну са сьцяжкамі бачылі ці ня штодня. Апрача гэтага, у інтэрнэт трапіла гісторыя пра бойку аўтамабіліста з распаўсюднікам: калі хлопец са сьцяжкамі падышоў да аўтамабіля і пачаў знакамі прапаноўваць свой тавар, удаючы глуханямога, то кіроўца ўдарыў яго ў твар і нават выбіў зубы. Пасьля гэтага «глуханямы», нібыта, загаварыў.
Калі ўжо дайшло да вулічных боек, міліцыя мусіць неадкладна зьвярнуць увагу на гэтую сытуацыю, перакананы праваабаронца. У Крыме і на Данбасе таксама сьпярша раздавалі савецкія і расейскія сьцяжкі. І ў Беларусі падобныя дзеяньні таксама нясуць патэнцыйную небясьпеку — як для незалежнасьці Беларусі, так і непасрэдна для грамадзянаў, якіх уцягваюць у палітычныя і міжасабовыя канфлікты.