Пра гэта заявіла 13 красавіка журналістам пасьля сустрэчы ў Берасьцейскім аблвыканкаме кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора. У сустрэчы бралі ўдзел паслы шэрагу краін — сяброў ЭЗ. Дэлегацыя ў складзе 15 дыпляматаў наведала таксама памежны пераход «Пясчатка».
«Першае, што трэба палепшыць, — гэта аблегчыць візавы рэжым, і я гэтую пэрспэктыву бачу ў хуткім часе. Усё ж такі фізычная магчымасьць прыяжджаць адзін да аднаго шмат значыць. У сувязі з гэтым ёсьць неабходнасьць паляпшаць памежную інфраструктуру: зьмяншаць чэргі на мяжы, павышаць яе праходнасьць. Думаю, што перамовы скончацца, і мы зможам падпісаць гэты дакумэнт. Праўда, потым будзе доўгі працэс ратыфікацыі — не зь беларускага боку, а з боку Эўрапейскага Зьвязу. Таму што ў вас адзін парлямэнт ратыфікуе дакумэнт, у нас — 28», — адзначыла Майра Мора.
Меркаваньне кіраўніцы прадстаўніцтва ЭЗ падзяляе і амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус.
«Я думаю, што ёсьць вялікая імавернасьць дасягненьня такой дамоўленасьці. Практычна ўсё завершана для гэтага. Засталіся нейкія дэталі, па якіх ёсьць розныя меркаваньні: напрыклад, якасьць дакумэнтаў, іншыя тэхнічныя моманты. Але я думаю, што палітычная воля будзе вырашальная і пазытыўная. Будзем рухацца ў гэтым кірунку», — цытуе БелТА літоўскага амбасадара.
Літва і Польшча імкнуцца зьмякчаць візавы рэжым зь Беларусьсю ў двухбаковым парадку. У прыватнасьці, амбасады гэтых краін значна павялічылі колькасьць доўгатэрміновых, двухгадовых і бясплатных візаў для беларусаў. «Вядома, хацелася б, каб візы хоць бы сталі таньнейшыя», — заўважыў Эвалдас Ігнатавічус.
Чакаецца, што пагадненьне аб візавай лібэралізацыі паміж Беларусьсю і ЭЗ можа быць парафіравана на Рыскім саміце «Ўсходняга партнэрства» ў траўні.