Пра гэта паведаміла БелаПАН праваабаронца Наста Лойка.
Абвінавачваньні Рубцову прад’яўленыя 9 красавіка. На наступным тыдні гомельскі актывіст і яго адвакат пачнуць знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.
6 красавіка Рубцоў быў дастаўлены з папраўчай установы адкрытага тыпу ў вёсцы Куплін (Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці), дзе ён адбываў пакараньне, у Пружанскі раённы аддзел Сьледчага камітэту. Там стала вядома, што актывіст абвінавачваецца паводле арт. 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі). Рубцоў адмовіўся ад паслуг прапанаванага яму дзяржаўнага адваката і абвясьціў галадоўку. Ён таксама адмовіўся даваць паказаньні сьледчай Вользе Барадоўскай, якая вядзе яго крымінальную справу.
6 кастрычніка 2014 году суд Цэнтральнага раёну Менску прыгаварыў 53-гадовага Рубцова да двух з паловай гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакараньня скарочаны да паўтара года. Рубцоў абвінавачваўся ў абразе судзьдзі суда Савецкага раёну Кірыла Палулеха, які вёў адміністрацыйны працэс пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях» 28 красавіка 2014 году ў Менску.