Акцыі пратэсту прайшлі ў 24 з 26 штатаў краіны, а найбольш шматлікая дэманстрацыя адбылася ў Сан-Паўлу — там на вуліцы выйшлі прынамсі чвэрць мільёна чалавек. Дэманстрацыі прайшлі мірна і без сутычак з паліцыяй.
У сакавіку ў акцыях пратэсту па ўсёй краіне узялі ўдзел больш за 2,4 млн бразыльцаў.
Арганізатарам пратэстных выступаў ізноў стаў «Рух за свабодную Бразылію», што вырас з «Руху за бясплатны праезд», які правёў мільённыя дэманстрацыі напярэдадні правядзеньня Чэмпіянату сьвету па футболе ў 2014 годзе.
Апазыцыя абвінавачвае Русэф і яе ўрад у правядзеньні неэфэктыўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі на фоне паўсюднай карупцыі ў дзяржаўнай нафтавай кампаніі Petrobras і ў кіраўніцтве ўрадавай «Партыі працоўных». Асабіста кіраўніца дзяржавы не фігуруе ў гучных карупцыйных скандалах, аднак многія з удзельнікаў акцый пратэсту патрабавалі пачатку працэдуры адстаўкі прэзыдэнткі.