Расейскія байкеры хочуць адзначыць Дзень вызваленьня Беларусі эратычным шоў

"Хірург"

Ідэя адзначыць ўгодкі Перамогі менавіта такім чынам належыць расейскім байкерам: з 3 па 5 ліпеня пад Віцебскам заплянаваны 5-ты Міжнародны байк-фэстываль «Мота ўдар 2015» з удзелам мотаклюбу «Начныя ваўкі».

Расклад фэстывалю, які пройдзе на возеры Бярозаўскае каля вёскі Заазер’е, што ў Сеньненскім раёне, разьмешчаны на сайце http://bike.by

Гасьцей чакаюць ужо 2 ліпеня. На першы вечар заплянаваны акустычны канцэрт і фаер-шоў, увечары 3 ліпеня пройдуць рок-канцэрт і эротык-шоў. Самым насычаным паводле колькасьці імпрэзаў абяцае быць 4 ліпеня. Байкеры зьбіраюцца ўскласьці вянкі да помніка воінам-вызваліцелям у райцэнтры Сянно, тамсама на цэнтральнай плошчы прадэманстраваць сваю тэхніку, а потым вярнуцца ў намётавы гарадок на беразе возера. Увечары зноў плянуюцца канцэрт і шоў-праграма, і ўсё гэта «у атмасфэры поўнай свабоды ад забаронаў і ўмоўнасьцяў», як анансуецца на інтэрнэт-сайце.

Фэстываль, улучна з эротык-шоў у Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, будзе праводзіцца пры падтрымцы амбасады Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, віцебскага грамадзкага аб’яднаньня «Русский Дом»

Фэстываль, улучна з эротык-шоў у Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, будзе праводзіцца пры падтрымцы амбасады Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, віцебскага грамадзкага аб’яднаньня «Русский Дом» і з удзелам расейскага мотаклюбу «Начныя ваўкі».

Арганізатары абяцаюць, што на «на тэрыторыі фэстывалю будуць працаваць кропкі грамадзкага харчаваньня, у тым ліку традыцыйная беларуская кухня, кава-бар, бар, кропкі гандлю, кропкі продажу сувэнірнай прадукцыі».

Дзень Перамогі 9 траўня, паводле анонсаў у інтэрнэце, на Віцебшчыне таксама не абыдзецца без удзелу таго самага мотаклюбу. Каля таго ж возера Бярозаўскае на Сеньненшчыне адбудзецца «мотапікнік» пад назовам «Дзень Перамогі 2015». У праграме забаўляльная праграма, канцэрт, дэманстрацыя кінафільмаў, фаер-шоў і салют.

Днямі стала вядома, што расейскі мотаклюб «Начныя ваўкі», прэзыдэнтам якога зьяўляецца Аляксандар «Хірург» Залдастанаў, адзін са стваральнікаў расейскага «Антымайдану», зьбіраецца правесьці з 29 красавіка — па 9 траўня мотапрабег «На Берлин» па маршруце Москва-Мінск-Брэст-Уроцлаў-Брно-Братыслава-Вена-Мюнхен-Прага-Таргаў-Карлсхорст-Бэрлін, прысьвечаны 70-годзьдзю Перамогі.

Мотапрабег «Начных ваўкоў», траса якога праходзіць таксама праз Польшчу, ужо выклікаў пратэст сярод палякаў. У фэйсбуку была створана старонка «Не — праезду бандытаў з Расеі праз Польшчу», на якой актывісты заклікаюць заблякаваць праезд байкераў праз краіну, паведамляецца на сайце расейскай службы Польскага радыё.