Бурацкі танкіст Доржы Батамункуеў, цяжка паранены ў баі пад горадам Дэбальцава ў Данецкай вобласьці Украіны, стаў шырока вядомы пасьля інтэрвію, якое ў яго ў пачатку сакавіка ўзяла журналістка расейскага выданьня «Новая газета» Алена Касцючэнка. Але яшчэ да публікацыі гэтай размовы, 23 лютага, Батамункуеў стаў адным з герояў тэлевізійнага сюжэту аб сустрэчы Іосіфа Кабзона з параненымі байцамі «ДНР» у апёкавым цэнтры пры Данецкай абласной цэнтральнай клінічнай бальніцы, хоць тады яшчэ ніхто не называў яго імя і прозьвішча.
Празь некалькі месяцаў журналіст газэты «Новая Бурятия» вырашыў пацікавіцца лёсам Батамункуева і высьветліў, што той лечыцца ў бальніцы ў суседнім Забайкальскім краі, а яго маці скардзіцца на адсутнасьць дапамогі з боку Міністэрства абароны Расеі. Аднак публікацыю выдалілі з сайта выданьня і ў літаральным сэнсе слова — нажніцамі — выразалі з 50-тысячнага папяровага накладу. Пры гэтым артыкул дагэтуль даступны ў кэшы гугла.
Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара газэты «Новая Бурятия» Цімур Дугаржапаў сказаў Радыё Свабода, што не разглядае сытуацыю з артыкулам як цэнзуру.
Дугаржапаў: «Рэч у тым, што перад друкам у газэце мы разьмясьцілі гэты матэрыял у інтэрнэце, на нашым сайце, і гэтая публікацыя на сайце выклікала нейкі жудасны паток наведнікаў з Украіны, там палілася такая вялізная колькасьць камэнтароў, зусім незразумелых, агрэсіўных, і сытуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю. У нас рэспубліка ціхая, спакойная, і гэты паток нас напалохаў, вядома. Мы зразумелі, што зайшлі на такую тэрыторыю лютага інфармацыйнага супрацьстаяньня, таму жаданьня ўцягвацца далей у гэтую палеміку, у нейкую цалкам жудасную інфармацыйную вайну не было ніякага. Таму мы паступілі такім чынам».
РС: «Можна ж было проста адключыць камэнтары, а ў газэце і зусім ніякіх камэнтараў пакідаць нельга, таму там ніякіх патокаў нянавісьці ў адказ вы б не атрымалі».
Дугаржапаў: «Наагул хацелася пазьбегнуць гэтай сытуацыі. І я думаю, што мы яе пазьбеглі. Тое, што цяпер адбываецца, абмеркаваньне, што нібыта хтосьці нас прымусіў, гэта ўсё бессэнсоўна. Гэта было наша агульнае рашэньне, рэдакцыйнае. Вядома, гэта неардынарны выпадак у маёй практыцы, але што рабіць, бывае і такое».
РС: «Як гэта было? Супрацоўнікі газэты сядзелі і ўвесь наклад ўручную такім чынам апрацоўвалі, выразаючы гэтыя старонкі?»
Дугаржапаў: «Так, тры дні мы гэтай справай займаліся».
РС: «А які ў вас тыраж?»
Дугаржапаў: «50 тысяч асобнікаў».
Іосіф Кабзон з Доржы Батамункуевым у данецкім шпіталі:
Сяргей Басаеў, аўтар выдаленага матэрыялу, кажа, што ня ведае, ці будзе працягваць працу над гэтай тэмай. Вось што ён адказаў на пытаньне Радыё Свабода, ці лічыць ён гэта праявай цэнзуры:
«Рэч у тым, што гэта ўжо не мая сфэра адказнасьці. Мая справа была — напісаць матэрыял, і я яго напісаў, ён выйшаў спачатку на сайце. Але рэч у тым, што ў нас газэта выходзіць у нядзелю, а матэрыял я напісаў у чацьвер-пятніцу. Я думаю, калі б матэрыял паставілі ў нядзелю на сайт, газэта б выйшла, не было б ніякіх праблем. Паставілі ў чацьвер, і вось нейкае вар’яцтва пачалося. Я нават н1 ведаю, як яго вызначыць».
Аркадзь Зарубін, журналіст бурацкай газэты «Аршан», першы паведаміў аб выдаленьні артыкулу пра танкіста Доржы Батамункуева з сайту і з друкаванай вэрсіі газэты «Новая Бурятия». У ліпені мінулага года Зарубін быў зьбіты каля выбарчага ўчастку ў пасёлку Карэн, куды ён прыехаў, каб праверыць інфармацыю аб адмове прыняць у прадстаўнікоў партый «Справядлівая Расія» і КПРФ дакумэнты для ўдзелу ў выбарах у райсавет:
«Я лічу, што гэта цэнзура спэцслужбаў, так як я таксама ўвесь час адчуваю нейкі ціск зь іх боку, паколькі ідзе сьледчая дзейнасьць. З пачатку году ў нас у Бураціі прайшлі два мітынгі з-за канфліктнай сытуацыі ў Бурацкім дзяржаўным унівэрсытэце, і з таго моманту я пачаў адчуваць на сабе ўвагу спэцслужбаў. Яны ўсяляк спрабавалі ўплываць на мае публікацыі, прама паказвалі, якія зь іх непажадана выпускаць. Я ведаю дакладна, яны прагаворваліся, што такі самы ўплыў яны робяць на іншыя СМІ, друкаваныя, інтэрнэт-выданьні, то бок усё, што тычыцца пратэставых настрояў, што тычыцца вайны ў Украіне, гэта, вядома, сфэра інтарэсаў спэцслужбаў».