— Зацікаўленасьць у беларускай мове ў мяне ўзьнікла дзякуючы зацікаўленасьці ўкраінскай мовай і ўвогуле мовамі, якія падобныя да яе. Толькі, у адрозьненьне ад польскае ці расейскае мовы, беларуская амаль нідзе не сустракалася, толькі зусім зрэдку можна было яе сустрэць недзе ва Ўкраіне на той час — гадоў 10–15 таму — і то зусім выпадкова.
Напрыклад, абсалютна выпадкова я натрапіў на рэпартаж пра трактарныя гонкі ў нейкай аўтамабільнай перадачы, і рэпартаж гэты быў беларускі, пра гонкі ў Беларусі. І яго пусьцілі як ён быў, па-беларуску, не перакладаючы — таму што і так зразумела. Гэта першы мой кантакт зь беларускай мовай.
Потым па радыё «Рокс» я аднойчы сустрэў рэпартаж з кімсьці з гурту «НРМ», мабыць, зь Лявонам Вольскім, і ён размаўляў па-беларуску, а вядучы размаўляў па-ўкраінску — і мне вельмі спадабалася, як яны адзін аднога разумеюць. І як гучыць беларуская мова, мне спадабалася. І я падсеў вельмі на «НРМ» пасьля гэтага.
Your browser doesn’t support HTML5
Увогуле мая зацікаўленасьць да беларускае мовы ўзьнікала вельмі паступова — таму што яе не было навокал, і, адпаведна, я пра яе нячаста згадваў.
— Скажы, а сама ідэя заснаваць беларускамоўны клюб — яна ўзьнікла сама па сабе, ты ня браў прыкладу зь іншых моўных клюбаў?
— Калі я ўжо добра зацікавіўся канкрэтна беларускай мовай і пачаў слухаць шмат музыкі, пасыўна ўспрымаць беларускамоўную інфармацыю, пачаў ужо пераходзіць да актыўнага размаўляньня па-беларуску, у мяне ўжо сябры зьявіліся, я раз ці два езьдзіў да Беларусі і на фэстываль беларускага року ва Ўкраіне, я заўважыў, што першыя пару гадзін мне вельмі цяжка размаўляць па-беларуску, я забываюся словы час ад часу. І ўжо ведаючы, што існуе шмат розных размоўных клюбаў, асабліва ангельскае мовы, я вырашыў стварыць такі самы, але для беларускае мовы, і выводзіць яе веды на актыўны ўзровень. Каб я мог пераключацца з украінскае на беларускую так, як пераключаюся на ангельскую ці расейскую.
— А як удалося знайсьці людзей, якія таксама зацікаўленыя ў беларускай?
— Насамрэч у мяне было такое пытаньне: ці знойдуцца людзі, ці знойдзецца дастаткова людзей. А тое, што людзі знойдуцца, я быў упэўнены. Час ад часу — гэта было 5 гадоў таму — сустракалася інфармацыя, што хтосьці дзесьці размаўляе па-беларуску ці цікавіцца гэтым як мінімум. І аднойчы да мяне ў «Укантакце» пастукалася дзяўчынка (у мяне там напісана, што я размаўляю па-беларуску) — «Прывітаньне, а як вы вывучылі беларускую мову і дзе ў Кіеве можна вывучыць беларускую мову, ці ёсьць нейкія курсы?»
— Гэта ўкраінка была?
— Украінка яна, кіяўлянка, проста чалавеку была цікавая чамусьці беларуская мова. І я падумаў, што калі ёсьць людзі, якія актыўна шукаюць беларускую мову, то існуе ў 5–10 разоў болей людзей, які не шукаюць актыўна, і ім дастаткова сказаць: а, у нас ужо ёсьць клюб, прыходзьце і размаўляйце. Я ёй сказаў, што курсаў няма ніякіх, але ёсьць думка стварыць размоўны клюб, яна сказала: о, я б хадзіла. І я вырашыў, што калі ёсьць такія людзі — іх трэба проста знайсьці.
— І як ты шукаў людзей, праз сацыяльныя сеткі таксама?
— Спачатку я стварыў проста групу «Белразмоўклюб» ва «Ўкантакце» і пачаў шукаць у Кіеве людзей, якія цікавяцца беларускай мовай. Вельмі часта людзі, якія цікавяцца беларускай мовай у Кіеве — яны цікавяцца таксама ўкраінскай, яны патрыёты. Адпаведна, проста шукаеш сярод патрыётаў яшчэ такіх, якія цікавяцца яшчэ і беларускай.
— А гэта ў большасьці людзі безь беларускіх каранёў, этнічныя ўкраінцы?
— Збольшага так. Мы стварыліся ў 2009 годзе, улетку я пачаў гэтую справу, а ўвосень мы ўпершыню сустрэліся. І гады 2–3 у нас амаль не было беларусаў, усе былі ўкраінцы. Пару разоў прыходзіў адзін ці другі беларус, але насамрэч яны шукалі не беларускую мову, а іншых беларусаў.
— Яны лічылі, што знойдуць там землякоў?
— Так, так — прыходзілі, бачылі, што не, няма землякоў, адны ўкраінцы, яшчэ і па-беларуску размаўляюць — і сыходзілі. А потым ужо праз гады 3–4 пачалі зьяўляцца і зараз стабільна ходзяць 2–3 беларусы. Часта людзі прыходзяць, ходзяць год-два актыўна, а там ужо альбо іншым чымсьці яны зацікавяцца, альбо працягваюць хадзіць, зазвычай калі дзяцей заводзяць — то перастаюць.
— Ці ёсьць іншыя фарматы, акрамя сустрэчаў, ці арганізоўваюцца нейкія акцыі, акрамя проста так — сабрацца ў рэстарацыі, пасядзець, пагутарыць?
— Напрыклад, мы адзначаем дзень народзінаў Караткевіча. Я ўвогуле люблю Караткевіча, мне падабаецца, як ён піша, калі мяне пытаюць, што пачытаць па-беларуску — я раю Караткевіча. Адпаведна, ён у нас у клюбе папулярны, Караткевіч жа ж у Кіеве вучыўся, у нас тут помнік ёсьць яму ля амбасады, мы ходзім да яго помніка, чытаем вершы, неяк адзначаем. У мінулым годзе атрымалася неяк пазытыўна, нас чалавек дзясятак быў, вельмі добра правялі час. Там яшчэ цікава: ахова амбасады — гэта ўкраінцы, калі нейкая моладзь у цемры да помніка прыйшла — яны так напружыліся, а потым мы ім распавялі, што гэта беларускі пісьменьнік, што ён пісаў і пісаў цікава.
— Такую адукацыю правялі аховы амбасады Рэспублікі Беларусь.
— Так, правялі адукацыю.
— А вось скажы, ёсьць жа таксама ў Менску ўкраінамоўны размоўны клюб? Ці ёсьць нейкае супрацоўніцтва паміж вашымі арганізацыямі, ці ладзіце вы нешта супольнае, ці, магчыма хочаце зладзіць?
— Супольнага такога мы нічога пакуль што ня ладзім, мы зь імі кантактуем. Яны ўжо тры гады існуюць. З Кацяй, якая яго арганізавала, мы сябруем даўно, яна зь Берасьця і нядрэнна размаўляе па-ўкраінску. Але нейкіх супольных праектаў мы пакуль што не рабілі.
— Але зробіце?
— Насамрэч трэба зрабіць.
— Напрыканцы, што б ты мог парадзіць беларусам, якія кажуць — мы б хацелі размаўляць на роднай мове, але ня маем дзе яе вывучыць або дрэнныя настаўнікі былі ў школе? Як украінец, які вывучыў гэтую мову і папулярызуеш яе.
— У мяне калега вось кітайскую вывучыў. Беларусу, які жыве ў Беларусі, ці ўкраінцу, які жыве ва Ўкраіне, гэта ня так складана, трэба жаданьне. Вось як я вучыў: ня трэба напружвацца, я проста слухаў песьні, прызвычайваўся да словаў...
— Не было страху ўпершыню размаўляць з носьбітамі мовы?
— Упершыню было нязвычна, мне хацелася размаўляць, чалавек да мяне зьвяртаецца па-беларуску — як я да яго буду? Вядома, я мог па-ўкраінску адказваць, але пасіўна я ўжо ведаў шмат словаў, хацелася адказваць па-беларуску. Цяпер калі да мяне беларусы зьвяртаюцца і кажуць: размаўляй з намі па-ўкраінску — мне лягчэй зь імі па-беларуску гаварыць, таму што я ўжо ведаю гэтыя словы. Калі ёсьць матывацыя, ты можаш знайсьці пару чалавек, зь якімі ты будзеш размаўляць ці як мінімум перапісвацца па-беларуску — ужо будзе такая практыка. А цяпер яшчэ курсаў паадчынялася — там можаш і людзей знайсьці, і даведацца тое, што ня ведаў альбо забыў пра беларускую мову.