Украінскае выданьне «Эканамічная праўда» ў красавіку сёлета ўзяла інтэрвію з экс-прэзыдэнтам Польшчы Лехам Валэнсам. Прапануем вам пераклад інтэрвію ў скароце.
ЭП: Наколькі Польшча дасягнула таго, пра што вы марылі ў 1990-х?
Валэнса: Калі б тады нехта мне сказаў, што я дажыву да часоў, калі ўбачу Польшчу настолькі рэфармаванай і буду пра гэта з вамі размаўляць, я б не паверыў. Але я дажыў. Азіраючыся назад, бачу, што многія рэчы мы зрабілі дрэнна. Іх можна было рабіць па-іншаму.
ЭП: Што б вы зрабілі па-іншаму?
Валэнса: Трэба было будаваць прэзыдэнцкую мадэль улады. У дэмакратычным грамадзтве ўсе зьмены адбываюцца вельмі павольна. Але тады было прынятае іншае рашэньне.
ЭП: На любым прамежку гісторыі новая ўлада мае патрэбу ў вялікай колькасьці новых кіраўнікоў. Як вы падбіралі паплечнікаў?
Валэнса: У мае часы мы маглі выбіраць толькі з той групы, якую мелі. Да таго ж, пачвара, якую мы прыціснулі, магла падняць галаву. Мы не маглі максымальна ціснуць на сваіх супернікаў. Была рызыка, што яны пачнуць супраціўляцца і страляць.
ЭП: Як вы ставіцеся да люстрацыі?
Валэнса: Я — за люстрацыю, але мудрую люстрацыю.
ЭП: Гэта як?
Валэнса: Актыўных людзей у любой краіне пяць, максымум дзесяць адсоткаў. Менавіта яны заўсёды зьяўляюцца генэратарамі ідэяў і зьменаў.
Пытаньне ў тым, як праводзіць люстрацыю: разам з усімі зьнішчыць невялікую долю гэтых актыўных людзей ці ж аддзяліць нядобрых ад добрых, накіраваўшы энэргію апошніх на новую, сумленную актыўнасьць.
ЗША ў Іраку пайшлі па першым шляху. Яны распусьцілі войска і паліцыю. Паглядзіце, што там адбываецца. Ніхто ня можа з гэтым справіцца.
Нельга звольніць усіх генэралаў. Каб са звычайнага шарагоўца вырасьціць новага генэрала, патрэбныя гады. А генэралы патрэбныя цяпер. Нехта павінен кіраваць. Нельга люстраваць усіх. Трэба выбіраць, пакідаць лепшыя кадры.
ЭП: Як вы ацэньваеце заявы з боку Расеі аб магчымасьці ўжыцьця ядзернай зброі?
Валэнса: Расея адстала ад заходняга сьвету на 30-50 гадоў. Такімі заявамі яна палохае. Амэрыка і Захад забыліся пра такую канфрантацыю. Яны маюць лепшую, чым Расея, зброю, але не гавораць пра гэта.
У Расеі ніколі не было дэмакратыі і свабоды. Яна заўсёды хацела мець ворага. Яго наяўнасьць дысцыплінавала гэтую краіну. Расея ніколі не жыла паводле прынцыпаў заходняга сьвету. Сваімі дзеяньнямі Пуцін правярае на трываласьць эўрапейскую і сусьветную салідарнасьць.
Калі Захад забраў атамную бомбу ва Ўкраіны, ён абавязаўся стаяць на варце яе свабоды і тэрытарыяльнай цэласьці. Расея і Пуцін парушылі гэтыя дамоўленасьці. Як мы будзем жыць, калі кожны мацнейшы зможа парушыць сусьветныя пагадненьні?
Сьвет не павінен дапусьціць гэтага. Ён павінен абараніць сусьветныя пагадненьні. У адваротным выпадку — гэта канец нашай цывілізацыі.
ЭП: Якія ахоўныя меры павінен зрабіць Захад у сувязі з агрэсіяй з боку Расеі?
Валэнса: Усе магчымыя. Аж да ўвозу атамных ракет. Важна паказаць, што яны ў нас ёсьць, і яны лепшыя, чым у Расеі.
ЭП: Навошта?
Валэнса: Каб Пуціна напалохаць. Ён нас палохае «Градамі» — мы павінны напалохаць яго іншай, больш дасканалай, зброяй.
Я сказаў: калі расейскі бот ступіць на польскую зямлю, я насуперак таму, што ў мяне ёсьць Нобэлеўская прэмія міру, пайду і буду страляць. Калі вораг нападае — выбару няма.
ЭП: Якія крокі Эўропа ўжо распачала для падвышэньня сваёй абараназдольнасьці?
Валэнса: Kochana pani, пра гэта не гаворыцца. Гэта робіцца. Мы не стаім з апушчанымі рукамі і не чакаем, калі яны прыйдуць. Вядзецца максымальная падрыхтоўка да абароны. Але бязь лішняга шуму. Мы не плянуем ні на кога нападаць, але калі нехта нападзе, ён заплаціць па поўнай праграме.
ЭП: Для пераходу Расеі на заходнія стандарты неабходна, каб людзі ў Расеі зьмяніліся, адмовіліся ад імпэрскіх поглядаў, усьвядомілі неабходнасьць дэмакратыі і сталі паважаць іншых. Гэта балючыя трансфармацыі. Ці можа справа дайсьці да развалу Расеі?
Валэнса: У Расеі — мінімум 60 народаў. Яна можа распасьціся і застацца з насельніцтвам 20 мільёнаў чалавек. Гэта залежыць ад таго, як адбудзецца распад.
ЭП: Колькі часу спатрэбіцца на трансфармацыю Расеі?
Валэнса: Шмат. Расейцы — няшчасныя. Трэба, каб іх мэнталітэт цалкам зьмяніўся. Усё ў іх будзе, але пазьней.
ЭП: Якая роля ў гэтым працэсе Беларусі?
Валэнса: Цывілізацыйны прагрэс прывядзе да выраўноўваньня ўзроўняў эканамічнага разьвіцьця паміж краінамі і адкрыцьця межаў. Яны адкрыюцца да Уралу, а потым і за Уралам.
Ліквідаваць мяжы трэба менавіта дэмакратычным шляхам, а не з дапамогай танкаў. Гэта крыху ня тая эпоха. У Пуціна няма шанцаў. Ён можа набіць нам гузакоў, але ня выйграць.
Калі я быў прэзыдэнтам, я плянаваў, што ў другой кадэнцыі Польшча разам з Украінай і Беларусьсю далучыцца да ЭЗ і НАТО. Я правёў за мяжой самыя важныя перамовы. Пра гэта было дамоўлена.
ЭП: Калі вы зразумелі, што гэты сцэнар ня будзе рэалізаваны?
Валэнса: Я прайграў выбары, і ўсё правалілася. Украіна і Беларусь пайшлі па іншым шляху, але яны пра гэта нават ня ведалі.