Калядны вечар. Іду бязьлюднай вулачкай на ўскраіне мястэчка. З боку цэнтральнай плошчы даносіцца буханьне расейскай папсы.
Насустрач ідзе жанчына. Паходка няўпэўненая, цёмныя валасы раскіданыя па плячах, паліто расшпіленае, доўгі шалік цягнецца па сьнезе. Халоднае сьвятло вулічнага ліхтара робіць малады твар падобным да аблічча нябожчыцы.
Накіроўваецца да мяне: «Мужчына, дапамажыце!»
Спыняюся: «Што здарылася?»
І тут жанчына задае пытаньне, якое агаломшвае мяне: «Мужчына, скажыце мне, дзе я і хто я?»
Я ашалела маўчу, ня ведаю, што адказаць...
Пазьней прыходзіць думка: «Так і нашая краіна — падпіўшы, танчыць пад расейскую папсу, а потым забываецца, дзе яна і хто яна».
Кастусь Сырэль
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org