Бальцаровіч украінцам: рабіце рэформы для сябе, а не для МВФ

Лешак Бальцаровіч, аўтар эканамічных рэформаў у Польшчы ў пачатку 1990-х гадоў, лічыць, што цяперашняя стратэгія эканамічных ператварэньняў ва Ўкраіне павінна ўключаць у сябе стабілізацыю, лібэралізацыю і прыватызацыю.

Пра гэта прафэсар Бальцаровіч заявіў на нядаўняй сустрэчы з дэпутатамі ўкраінскага парлямэнту ў Кіеве, на якой ён агучыў пакрокавую стратэгію эканамічных рэформаў для Ўкраіны.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Бальцаровіча з просьбай дапамагчы рэфармаваць украінскую эканоміку, каб засьцерагчы краіну ад эканамічнага краху.

У Эўропе і сьвеце Лешак Бальцаровіч вядомы перш за ўсё як архітэктар «пляну Бальцаровіча» або іначай «шокавай тэрапіі» — вельмі радыкальных і балючых для грамадзтва рэформаў, якія з пэрспэктывы часу бачацца як адна з найлепшых і найбольш пасьлядоўных эканамічна-грамадзкіх трансфармацый пасьля падзеньня камунізму. Сваю «шокавую тэрапію» Лешак Бальцаровіч увёў у 1990 годзе, калі займаў пасаду намесьніка прэм’ер-міністра першага некамуністычнага ўраду ў пасьляваеннай Польшчы.

Трэба скарачаць дэфіцыт, бяз гэтага ня будзе даверу. Але калі ўжо выдаткі занадта вялікія, трэба, перш за ўсё, скараціць іх шляхам рэформаў.

Перш за ўсё, кажа Лешак Бальцаровіч, украінцам, трэба вярнуць давер да нацыянальнай валюты, банкаўскай сыстэмы і дзяржавы ў цэлым. Давер грунтуецца ў першую чаргу на тым, што эканоміка дзяржавы зьяўляецца"здаровай«, устойлівай да стрэсаў і прывабнай для інвэстараў. Спачатку, раіць польскі экспэрт, варта стабілізаваць бюджэт: скарачаць выдаткі і павялічваць даходы — менавіта ў такім парадку.

Украіна, дадае ён, мае «разадзьмутую» сфэру сацыяльнай абароны, у тым ліку субсыдыі. «Трэба скарачаць дэфіцыт, бяз гэтага ня будзе даверу. Але калі ўжо выдаткі занадта вялікія, трэба, перш за ўсё, скараціць іх шляхам рэформаў. Прастора для рэформаў велізарная. Некаторыя зь іх ужо пачатыя, мяркуючы па тым, што я чытаў у справаздачы МВФ», — адзначае Бальцаровіч.

Адначасова Бальцаровіч перасьцерагае ўкраінскіх палітыкаў ад практыкі апраўдваць жорсткія эканамічныя захады патрабаваньнямі Міжнароднага валютнага фонду. Ён адзначае, што МВФ — гэта партнэр і фінансавы донар. Таму палітыкі павінны тлумачыць свае непапулярныя рашэньні грамадзтву не патрабаваньнямі крэдытораў, а тым, што ў гэтым мае патрэбу дзяржава, падкрэсьлівае польскі рэфарматар.

Скараціць дэфіцыт і «аздаравіць» дзяржбюджэт дапаможа дэрэгуляцыя,то бок памяншэньне дзяржаўнага рэгуляваньня на рынку. Паводле Бальцаровіча, менавіта такі крок паменшыць рэгулятарныя мэханізмы, якія спараджаюць карупцыю ва Ўкраіне. Да таго ж, кажа ён, варта спрыяць канкурэнцыі, у прыватнасьці, у манапалізаванай галіне перавозак.

Бальцаровіч раіць пазбавіць панаваньня на рынку «Нафтагаз», кампанію,у руках якой знаходзіцца 97% здабыцьця нафты і газу ў краіне. Экспэрт дадае, што «пазыцыя антыманапольнага камітэту ў гэтым пытаньні павінна быць трывалай, а не такой, якая залежыць ад прыватных і палітычных інтарэсаў».

Адна з асноўных крыніцаў фінансаваньня дзяржавы, на думку Бальцаровіча — зьнешнія інвэстыцыі, якія прыходзяць тады, калі праведзеная лібэралізацыя: адмененыя празьмерныя абмежаваньні ў зьнешнім гандлі, зьніжаныя стаўкі ўвазнога і вывазнога мыта, уведзеныя тарыфныя ільготы пры зьнешнеэканамічных апэрацыях.

Камэнтуючы цяперашні абвал украінскай грыўні, польскі эканаміст адзначае, што ў сытуацыі, якая склалася ва Ўкраіне на працягу апошняга паўтара года, інфляцыя наступіла б у любым выпадку. Паводле Бальцаровіча, цяпер фінансавая і банкаўская стабільнасьць дзяржавы наўпрост залежыць ад эфэктыўнасьці Нацбанку. Рашэньне «адпусьціць» грыўню ён ухваляе і раіць трымацца такой палітыкі. Паводле яго, «больш гнуткі курс менш рызыкоўны, чым фіксаваны».

«Але ад такіх непрыемнасьцяў, я думаю, ёсьць і станоўчыя эфэкты. У вас канкурэнтаздольнасьць экспарту вырасла і скараціўся дэфіцыт па балянсе плацяжоў», — кажа Бальцаровіч.

У канцы 1990-х гадоў Польшча правяла адначасова адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу і рэформу мясцовага самакіраваньня. Тады экспэрты Рады Эўропы прызналі, што яна зьяўляецца ўзорам ажыцьцяўленьня такіх ператварэньняў сярод краінаў кантынэнту. На думку Бальцэровіча, дэцэнтралізацыя патрэбная і Ўкраіне.

Закранаючы тэму карупцыі, Лешак Бальцаровіч заявіў, што невысокія заробкі палітыкаў не зьяўляюцца галоўнай прычынай іх карумпаванасьці. Польскі эканаміст раіць выкараніць гэтую праблему не зь «нізоў», а з чыноўніцкіх «вярхоў». Паводле яго, дастаткова, каб каманда прафэсіяналаў, якія кіруюць дзяржавай, была гатовая мяняць сыстэму. Ён дадае, што складана знайсьці тысячы новых чыноўнікаў, таму трэба, каб новыя кіраўнікі дзяржавы перавучылі старых пры дапамозе новых правілаў працы.