Паводле слоў Лукашэнкі, больш за ўсё яго насьцярожвае тое, што да перамоўнага працэсу па Ўкраіне адкрыта не былі падлучаныя ЗША.
«Я лічу, што без амерыканцаў ва Ўкраіне немагчымая ніякая стабільнасьць. Сустракаючыся ў апошні час з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амэрыкі, афіцыйнымі прадстаўнікамі, якія ў нас бывалі, я настойліва даводзіў да іх гэты пункт гледжаньня, заяўляючы пра тое, што я ня ведаю, чаго хочуць амерыканцы тут, ва Ўсходняй Эўропе, ва Ўкраіне ў прыватнасьці, але, калі амэрыканцы хочуць, каб тут былі мір і стабільнасьць, яны неадкладна павінны далучыцца да гэтага працэсу», — сказаў Лукашэнка.
«Злучаныя Штаты Амэрыкі гуляюць вырашальную ролю ў гэтым працэсе і з пункту гледжаньня ўнутрыпалітычных працэсаў у самой Украіне, і з пункту гледжаньня таго, каб сесьці за стол і дамовіцца з Расеяй па Ўкраіне. Гэта вельмі важна», — лічыць ён.
Лукашэнка працягнуў:
«Я не хачу сказаць, што гэта вайна Расеі. Але Расея ўцягнутая так ці інакш у гэты канфлікт, і да яго, і ў працэсе яго, інакш быць не можа, дзесьці па сваёй волі, дзесьці не па сваёй волі. Гэта інфармацыйнае супрацьстаяньне, гэта эканамічнае, фінансавае, ды і ваеннае сутыкненьне. Калі Расея і, з другога боку, Злучаныя Штаты Амэрыкі захочуць, каб там быў мір, у дадзеным выпадку на Ўсходзе Украіны, гэта назаўжды пытаньне будзе вырашана адназначна».
Аднак Лукашэнка лічыць, што казаць аб удзеле расейскай арміі ў канфлікце ў Данбасе, усё ж нельга:
«Расейцы не настолькі дурныя, каб пасылаць туды войскі і падстаўляцца. Дастаткова жадаючых у Расеі паехаць туды ваяваць, клясных спэцыялістаў ваенных, якія прайшлі пэўную падрыхтоўку і гатовыя прыехаць у Данбас, за грошы ці з ідэйных меркаваньняў, — сказаў ён. — Іх тысячы, якія прыехалі з Расеі. І ня толькі з Расеі. Я інфармаваны аб тым, што там зьяўляліся людзі і зь Беларусі, зараблялі грошы. Але папракаць Расею ў тым, што там рэгулярныя расейскія часткі прысутнічаюць, — гэта няправільна».
Лукашэнка лічыць, што калі ЗША паставяць Украіне сур’ёзнае ўзбраеньне, то гэта будзе штуршком да эскаляцыі канфлікту, бо гэта можа справакаваць Расею.