У лісьце за подпісам тысячы грамадзян яны прасілі гарадзкія ўлады разьмясьціць дадатковыя шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц. Гаворка вядзецца пра шаснаццаць вуліц, дзьве плошчы, два праспэкты, разьмешчаныя ў раёне Верхняга гораду, Нямігі, плошчы Незалежнасьці, стадыёну «Дынама», Ракаўскага і Траецкага прадмесьцяў.
У адказ на грамадзкую ініцыятыву Менгарвыканкам паведаміў, што адпаведная камісія мае разгледзець гэтае пытаньне і ўнесьці пэўныя рэкамэндацыі арганізацыям, у кампэтэнцыю якіх уваходзяць пытаньні вырабу шыльдаў.
«Упэўненыя, што рэалізацыя прапанаванага Вамі праекта атрымае адабрэньне жыхароў сталіцы і павысіць турыстычную прывабнасьць Менска», — гаворыцца ў лісьце.
Падобнага зьместу адказ актывісты «Альтэрнатывы» атрымалі таксама зь Міністэрства культуры.
Як паведаміў Свабодзе лідэр арганізацыі Алег Корбан, актывістаў «Альтэрнатывы» ўсьцешыла пазыцыя сталічных і міністэрскіх чыноўнікаў, аднак пакуль гэта толькі абяцанкі. Таму актывісты будуць сачыць і пры неабходнасьці прыкладаць намаганьні, каб гэтыя абяцанкі былі ўвасобленыя ў жыцьцё.
Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц мясцовыя ўлады раней усталявалі ў Баранавічах і Клецку.