Калісьці ў нас на шалі вагаў народнага выбару клалі мову і каўбасу. Маўляў «трэба сьпярша накарміць народ», «што нам тая мова», «спасіба ў стакан не нальёш»...
Цяпер быццам і каўбасы хапае, і мову ня так пуставажаць, асабліва пасьля Ўкраіны і «русского мира». Затое нейкім дзіўным чынам на месца «неістотнага» чыньніка, якое раней займала мова, патрапілі правы чалавека.
Іх адкідае ня толькі ўлада, што зразумела, але і значная частка змагароў невядома з чым і невядома за што. Словам, пашырылася ўяўленьне, што правы чалавека — пустышка, на якой «жыруюць праваабаронцы», ня больш за тое.
Уяўленьне ня тое каб памылковае, але цалкам ідыёцкае, бо адзінае, чаго ў Беларусі рэальна трэба і можна дамагацца, — якраз правы чалавека. І чым шырэйшае гэтае ўяўленьне, тым менш магчымасьцяў чаго-небудзь у гэтай справе дамагчыся.
Хоць калі ўдумацца, правы чалавека ўключаюць у сябе ня толькі права на аднаполыя шлюбы (а многія лічаць, што толькі гэта), але і права на жыцьцё, між іншым, і права на працу, і права на сваё меркаваньне. Няўжо вы думаеце, што калі заўтра вас ня стане ў цёмным завулку, нехта паверыць, што гэта не няшчасны выпадак, як прадставіць тое ўлада? Ці калі заўтра ў вас адбяруць дзяцей, маёмасьць, бізнэс, нехта, апроч тых самых праваабаронцаў, ня тое што ўступіцца, а хоць бы элемэнтарна паведаміць пра гэта?
Сьледам за маргіналізацыяй панятку правоў чалавека зьнікаюць з грамадзкай сьвядомасьці і самі гэтыя правы. Народ пачынае быць маральна гатовым да любых рэпрэсій. Слова «справядлівасьць» усё часьцей гучыць як насьмешка.
Кажуць, нейкага начальніка злавілі на крадзяжы. Прэзыдэнт сказаў: хай сплаціць у трохразовым памеры і ідзе зь мірам. Начальнік сплаціў мільён баксаў і ніхто яго пальцам не крануў. А нейкі доктар на раёне прыняў у падарунак скварку — атрымаў ладны тэрмін турмы. Па ідэі, калі б тое прэзыдэнцкае правіла дзейнічала, доктар мог вярнуць у дзяржаўны скарб не трохразова, а цэлую сьвіньню, і гуляў бы на волі. Але правіла дзейнічае строга выбарачна.
З гэтымі дактарамі, скажу я вам, зусім бяда. Мэдыцына ў Беларусі — ці ня самая крымінагенная сфэра. І якраз у ёй найлепей відаць, як рассыпаюцца ў друз правы чалавека.
Адзін доктар даваў бюлетэнь за бутэльку гарэлкі. Абэпаўцы атрымалі наводку, шантажавалі нейкага небараку і паслалі яго з пляшкай да таго доктара. Небарака пляшку занёс, бюлетэнь атрымаў і не пасьпеў выйсьці з кабінэту, як уварваліся тыя. Далей — камэдыя. Перарылі ўсё і ўся, але пляшкі не знайшлі. Спрытны аказаўся доктар. Далей — драма. Доктара ўсё адно пасадзілі, узяўшы за доказ словы небаракі, маўляў, пляшку — даваў.
Можна прывесьці масу прыкладаў, зь якіх вынікае, што ў Беларусі наглуха забытая такая штука як прэзумпцыя невінаватасьці. Проста ніхто ўжо ня памятае, што гэта значыць. А гэта значыць, што кампэтэнтныя органы павінны даказаць тваю віну, і пакуль не дакажуць, ты – ні ў чым не вінаваты.
Сёньня ж ніхто нічога даказваць ня тое, што не зьбіраецца, а ня лічыць сваім абавязкам. Ты сам мусіш даказаць сваю невінаватасьць, а справа кампэтэнтных органаў — захацець твае доказы прыняць ці не захацець.
Іншымі словамі, кожны грамадзянін РБ — вінаваты — самім фактам, што ён тут жыве і варушыцца. Людзі, вядома, гэта адчуваюць, пра гэта шушукаюцца і, часьцяком заўважаю, у прынцыпе ўхваляюць. «А як інакш? А чаго ты хацеў? Каб парадку не было?» Ухваляе, натуральна, той, па каго пакуль не прыйшлі. Бо «правы чалавека» — гэта не пра нас і не для нас. Гэта пра геяў, лесьбіянак і аднаполыя шлюбы. Гэта — для праваабаронцаў.
А мы ў палітыку ня лезем.