На імпрэзе прэзэнтавалі зборнік успамінаў пра Валянціна Ермаловіча, вэтэрана Другой усясьветнай вайны і кіраўніка магілёўскай суполкі «Мартыралёг Беларусі».
Мясцовыя рупліўцы беларушчыны заяўляюць, што гэты год у Магілёве пройдзе пад знакам Валянціна Ермаловіча. Сьцьвярджаецца, што сёлета на доме, дзе жыў заслужаны працаўнік культуры Беларусі ўсталююць мэмарыяльную дошку. Сродкі на яе зьбіраюць талакою.
Сваё жыцьцё Валянцін Ермаловіч прысьвяціў станаўленьню нацыянальнага тэатра ды адраджэньню беларускай мовы. Адзін з укладальнікаў зборніка «Ачышчэньне душы», журналіст Міхась Карпечанка лічыць, што за мінулыя дзесяць год, як няма Валянціна Ермаловіча, яго ніхто ня здолеў замяніць у мясцовым культурным жыцьці.
«У Валянціна Іванавіча ёсьць вучні, але яны, відаць, не дацягваюць да ягонага ўзроўню, дый цяпер умовы ня тыя. Ён дужа шмат зрабіў для разьвіцьця нацыянальнага тэатру. Максім Гарэцкі казаў: "Хочаце паказаць жыцьцё беларуса — пакажыце яго са сцэны. Сёньня гэты запавет не зусім рэалізоўваецца. У бальшыні беларускіх тэатраў беларуская мова не прысутнічае. Валянцін Іванавіч арыентаваўся на беларускую мову і нацыянальную драматургію. У яго была ідэя, скіраванасьць і жаданьне зрабіць Беларусь лепшай — эўрапейскай, культурнай»,— кажа Міхась Карпечанка.
Тэатры, у якіх працаваў Валянцін Ермаловіч, былі ў беларускай глыбінцы. Бальшыня зь іх станавілася нарорнайднымі. Дагэтуль у Магілёве дзейнічае створаны Ермаловічам тэатар «Валянцін». Тыя, хто выступаў на вечарыне, адзначалі яго рэжысэрскі талент.
Дзейнасьць суполкі асацыяцыі «Мартыралёг Беларусі», створанай 27 лістапада 1988 году, на імпрэзе згадалі невялікім урыўкам з дакумэнтальнай стужкі мясцовых журналістаў з камэнтаром Валянціна Ермаловіча. Ён казаў пра тое, што беларусы мусяць ведаць герояў і антыгерояў беларускай гісторыі.
Старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць зазначае, што Валянцін Ермаловіч быў адным з ініцыятараў стварэньня ў Магілёве філіі «Мартыралёгу Беларусі»:
«Менавіта намаганьнямі Ермаловіча быў усталяваны памятны знак у гонар Цішкі Гартнага. Многіх магілёўцаў, якія падпалі пад рэпрэсіі, намаганьнямі суполкі ўдалося рэабілітаваць у 90-х гадах. Гэтая арганізацыя актывізавала грамадзкую дзейнасьць у Магілёве».
Валянцін Ермаловіч — брат беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча. Нарадзіўся 17 сакавіка 1925 году. Ваяваў. Чатыры разы быў паранены. У 1944 годзе родныя атрымалі пахаронку на яго. Працаваў рэжысэрам многіх тэатральных калектываў. Заслужаны працаўнік культуры Беларусі. Памёр 22 сьнежня 2004 году. Пахаваны ў Магілёве.