На руінах Бэрнардынскага кляштару ў Берасьці могуць пабудаваць гатэль

Касьцёл кляштара бэрнардынак. Фота Ірыны Лаўроўскай.

Магчымасьці захаваньня і аднаўленьня ўнікальнага помніка гісторыі Берасьця абмяркоўвалі падчас суботніка, які прайшоў 28 сакавіка.

Як паведамляе сайт krynitsa.info са спасылкай на БелТА, супрацоўнікі гарвыканкаму і валянтэры прыйшлі на руіны Бэрнардынскага кляштара, разьмешчанага на тэрыторыі Берасьцейскай крэпасьці. Гэта — адзінае, што захавалася ад Берасьця XVIII-XIX стагодзьдзяў.

Сярод магчымых варыянтаў, якія агучыў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, ёсьць і такі:

«Прадаць або аддаць, гэта будзе больш правільна, аб’ект за адну-дзве базавыя велічыні любому мэцэнату, хто гатовы на базе Бернардынскага кляштару пабудаваць аўтэнтычны будынак па вонкавым архітэктурным рашэньні. Усярэдзіне хай будзе гатэль».

Манастырскі комплекс бэрнардынаў на Валынскім прадмесьці Брэст-Літоўска быў узьведзены ў 1750 годзе і складаўся з касьцёла і манастыра бэрнардынак. На архітэктурнае рашэньне каменнага аднанэфнага касьцёла аказалі ўплыў «віленскае барока» і сармацкі стыль.

Ад кляштарнага комплексу застаўся толькі першы паверх з высокiмi перакрыцьцямі, ад касьцёла — заходняя сьцяна, якая зьяўляецца адначасова сьцяной кляштарнага будынка. Рэстаўраваны ансамбль прапануецца ўключыць у архітэктурна-археалягічны запаведнік «Старое Замухавечча».