Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць рэдактар сайту Радыё Свабода, пісьменьнік Сяргей Дубавец, рэдактар сайту tut.by Марына Золатава і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Your browser doesn’t support HTML5
Дракахруст: Днямі міністар інфармацыі Лілія Ананіч падвяла своеасаблівы папярэдні вынік таго, як Байнэт — беларускі сэгмэнт інтэрнэту — жыве ва ўмовах новых законаў. Паводле іх інтэрнэт-мэдыі сталі трактавацца як СМІ, акрамя таго, была ўведзеная адказнасьць за зьмест камэнтароў, якія зьяўляюцца на форумах у адпаведных інтэрнэт СМІ. Паводле спадарыні Ананіч людзі «адчулі карысьць ад дзяржаўнага рэгуляваньня інтэрнэт-прасторы». А ці адчула гэтую карысьць сама інтэрнэт-прастора, у прыватнасьці, вы? У беларускіх умовах права і яго ўжываньне часам вельмі істотна адрозьніваюцца. Новыя законы дзейнічаюць трэці месяц. Ці спраўдзіліся страхі і спадзяваньні, якія былі пры іх зьяўленьні?
Золатава: Не магу сказаць, што з пачатку году ў нашай дзейнасьці нешта моцна зьмянілася. Новаўвядзеньне: мы перавялі форумы на іншую пляцоўку, зараз артыкулы, якія публікуюцца на TUT.BY, абмяркоўваюцца на пляцоўцы TALKS.BY. Такім чынам мы разьмежавалі адказнасьць.
Залішняй самацэнзурай сябе не ўратуеш
Мы больш нэрваваліся ў другой палове сьнежня, калі Палата прадстаўнікоў раптоўна прыняла папраўкі ў закон аб СМІ адразу ў двух чытаньнях, і калі потым пасьля вядомых падзеяў у нашай эканоміцы пачаліся блякіроўкі некаторых інтэрнэт-СМІ. Што тычыцца нашай рэдакцыі, то зваротаў ад незадаволеных карыстальнікаў і юрыдычных асобаў, то іх ня стала больш.
Класкоўскі: Уся беларуская дыктатура — балотная, даць па галаве аднаму, каб баяліся тысячы. Тое ж тычыцца і інтэрнэту. Сьнежаньская «чорная паласа», празь якую прайшлі БелаПАН і іншыя — гэта было папярэджаньне. Раніцай спадарыня Ананіч заявіла, што інтэрнэт-СМІ няправільна асьвятляюць «гібрыдную дэвальвацыю», і ў той жа дзень пачаліся праблемы з сайтамі. Вожыку была зразумела, хто цэлую дэкаду мог так прафэсійна прэсаваць сайты. Гэта было папярэджаньне і разьведка боем, было цікава, як рэдакцыі будуць выкручвацца.
Залішняй самацэнзурай сябе не ўратуеш
У рэчышчы новых законаў «наездаў» пакуль не было, але зараз улады падбіраюцца і да камэнтароў. Фільтраваць усё немагчыма, нехта можа наўмысна закінуць правакацыйны камэнтар. Мы вырашылі працаваць як працавалі. Калі наверсе нейкую ахвяру намецілі, то знойдуць, за што. Тут залішняй самацэнзурай сябе не ўратуеш.
Дубавец: Тут ёсьць дзьве розныя праблемы: умяшаньне квазіцэнзурнага, шкоднага для грамадзтва ведамства ў працу СМІ і чыста прафэсійная праблемы працы з камэнтарамі.
Рэпрэсіяў на падставе новага закону не было. Але яны могуць настаць у любы момант.
Дракахруст: З законаў рынкавай эканомікі вядома, што калі цана на тавар штучна абмяжоўваецца, то ўзьнікае чорны рынак тавару, дзе цана аказваецца значна вышэйшая за «кепскую» рынкавую. Ці не атрымліваецца тое самае з камэнтарамі, якія не падабаюцца ўладзе: іх прымушаюць фільтраваць, узьнікае нейкая новая пляцоўка, дзе камэнтары робяцца больш злоснымі, чым былі б, калі б такой фільтрацыі не было?
Уладам важна заглушыць разгул палітычнай галоснасьці на папулярных легальных рэсурсах
Класкоўскі: Увесь інтэрнэт не заглушыш. Але ўладам важна заглушыць разгул палітычнай галоснасьці на папулярных легальных рэсурсах. І камэнтары — гэта зачэпка. Забараніць выданьне за артыкул Класкоўскага ці Дубаўца — гэта чыстая цэнзура, а забараніць за нейкі камэнтар — гэта як бы барацьба з экстрэмізмам за чысьціню інтэрнэт-прасторы. Ва ўсім сьвеце стаіць пытаньне, што трэба абмяжоўваць мову нянавісьці, датрымліваць культуру дыскусій. А ў нас гэта вырашаецца пры дапамозе адміністрацыйнага дручка.
Пік агрэсіўнасьці на сайце Свабоды быў некалькі гадоў таму
Дубавец: Пік агрэсіўнасьці на сайце Свабоды быў некалькі гадоў таму. Зараз сапраўды зьявіліся іншыя пляцоўкі, куды гэтая агрэсіўнасьць сышла. Адпаведныя карыстальнікі бачаць, што мы мадэруем камэнтары, не прапускаем агрэсіўныя і хамскія допісы. І яны ідуць на іншыя сайты, якія, праўда, мала папулярныя. І высілкі спадарыні Ананіч тут ні пры чым.
Міліцыя можа вылічыць, хто стаіць за тым ці іншым нікам
Золатава: Нашы мадэратары кажуць, што напал жарсьцяў сапраўды высокі, асабліва ў абмеркаваньні ўкраінскіх падзеяў. Быў час, калі яшчэ камэнтары ў нас выводзіліся наўпрост пад артыкулам, мы зачынялі абмеркаваньні пад артыкуламі па ўкраінскай тэматыцы. Вяртаючыся да новых законаў, хацела б сказаць, што ёсьць цывілізаваныя спосабы вырашэньня падобных праблемаў — праз суд. Ёсьць камэнтар на форуме, нехта — асоба ці арганізацыя — лічыць, што яго пакрыўдзілі ці хлусьліва дыскрэдытавалі. Ён можа зьвярнуцца ў суд, у міліцыю. Гэтыя мэханізмы выкарыстоўваюцца і ў нас, і ў астатнім сьвеце.
Міліцыя можа вылічыць, хто стаіць за тым ці іншым нікам. У іх ёсьць для гэтага сродкі. Памятаеце, быў выпадак, калі драматург на нашым форуме нібыта пакрыўдзіў супрацоўнікаў міліцыі. Міліцыя падала на яго ў суд, яго вылічылі і ён быў вымушаны заплаціць штраф. Ёсьць і іншыя прыклады такога кшталту.
Класкоўскі: «Фішка» новага закону аб СМІ — ў пазасудовым мэханізьме закрыцьця непажаданых рэсурсаў. Раней выданьні, скажам, «Народная воля» судзілася з міністэрствам інфармацыі. А зараз можна проста даць каманду заблякаваць сайт.
Дракахруст: Некаторыя ўкраінскія інтэрнэт-выданьні наагул адключылі ў сваіх паведамленьнях функцыю камэнтаваньня, каб не спрыяць разьдзьмуваньню нянавісьці. А можа гэта магло б стаць рашэньнем і для беларускіх інтэрнэт-СМІ?
Камэнтары на форумах — гэта на 99% шлак
Класкоўскі: У мяне, як у прафэсіянала, трохі снабісцкае стаўленьне да камэнтароў. На 99% гэта шлак. 10 гадоў таму, калі інтэрнэт-журналістыка пачыналася, было замілаваньне гэтым мэханізмам зваротнай сувязі. Зараз мы бачым, што гэта проста пляцоўка для самавыражэньня людзей з цяжкімі комплексамі. Таму я разумею Аляксандра Старыкевіча, рэдактара газэты «Салідарнасьць», які ад пачатку адмовіўся ад камэнтароў. Але павінна быць свабода выбару. А ў нас спрабуюць дзяржаўным прымусам вымусіць рэдакцыі адмовіцца ад форумаў. Сапраўды, можна знайсьці, хто хаваецца пад тым ці іншым нікам. Але нашто напружвацца, калі можна проста «заглушыць» увесь рэсурс. Як той казаў, лепшы сродак ад перхаці — гэта гільятына.
Дубавец: Я інакш на гэта гляджу. Зараз ёсьць шмат спробаў стварыць сатырычнае выданьне. І мала каму штосьці ўдаецца, на мой погляд. І тады я чытаю камэнтары на тым жа TUT. BY і атрымліваю сатырычны погляд на нашу рэчаіснасьць.
Так, ёсьць шмат шлаку, але ў любой зьявы ёсьць два бакі
Золатава: Мы фактычна рэалізавалі ідэю адмовы ад камэнтароў, бо ў нас зараз усе артыкулы па змаўчаньні абмяркоўваюцца на асобнай старонцы. І толькі калі мадэратары кажуць, што дыскусія разьвіваецца ў канструктыўным рэчышчы, тады мы паказваем камэнтары на той старонцы, дзе разьмешчаны артыкул. Вельмі важна захоўваць гэты інтэрактыў, гэта адна з цікавостак інтэрнэту. Гэта дае нам магчымасьць адчуваць, што думае наконт нашых матэрыялаў аўдыторыя. І другі момант — камэнтатары часам даюць нам каштоўныя наводкі на тое, пра што яшчэ трэба напісаць. Часам сярод камэнтатараў сустракаюцца сьведкі падзеяў і мы можам зьвярнуцца да іх. Так, ёсьць шмат шлаку, але ў любой зьявы ёсьць два бакі.