У навінах на расейскім тэлеканале перадалі: Да 70-годзьдзя Вялікай Перамогі ў Сьвярдлоўскай вобласьці атрымаюць уласныя кватэры паўтары тысячы вэтэранаў вайны. Усяго ў рэгіёне чакаюць свайго жыльля 15 тысяч франтавікоў.
Паказалі два сюжэты. Аднаму вэтэрану 95, другому 97. Другі ўжо ня ходзіць. Уяўляю сабе праблему рэпарцёраў – узрост герояў такі, што ім цяжка прадэманстраваць радасьць.
Як па мне, дык ніякіх камэнтароў гэтая навіна не патрабуе. Пагатоў зьдзівілі рэакцыі ў інтэрнэце. Нехта напісаў, што гэта можа быць статыстыка розных войнаў, ня толькі Вялікай Айчыннай, хоць кантэкст жорстка ўказвае менавіта на яе. Нехта заўважыў, што дажылі толькі тылавікі і чэкісты, што, на маю думку, ніяк не мяняе справы. Яшчэ нехта прасёк: «Тут ужо яўна ўнукі і праўнукі ловяць момант», што таксама ніяк не мяняе сутнасьці паведамленьня і таго, што зь яго вынікае. А вынікае зь яго страшнаватая і нават катастрафічная, калі не апакаліптычная выснова.
Дзіўна ўявіць сабе, каб нейкі вэтэран вэрмахту чакаў ад дзяржавы ўласнага жыльля. Дагэтуль.
У загалоўку гэтага блогу я ўжыў аксюмаран – спалучэньне супрацьлеглых паняткаў, якія лягічна выключаюць адзін аднаго. Але менавіта так мусіла б выглядаць Вялікая Перамога. У адваротным выпадку даводзіцца казаць пра Вялікую Паразу.