Адпаведны ўказ прэзыдэнт Украіны падпісаў падчас сустрэчы з Каламойскім. Пра гэта паведамляе афіцыйны інтэрнэт-сайт прэзыдэнта Парашэнкі.
Пятро Парашэнка адзначыў, што Днепрапятроўшчына павінна заставацца надзейнай ахоўнай мяжой на ўсходзе Ўкраіны. «Павінны забясьпечыць мір, стабільнасьць і спакой. Днепрапятроўшчына павінна заставацца бастыёнам Украіны на ўсходзе, абараняць мір і спакой грамадзянаў», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Паводле Парашэнкі, выконваючым абавязкі старшыні Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі прызначаны Валянцін Рэзьнічэнка.
Камэнтароў самога Ігара Каламойскага з нагоды гэтага пакуль няма.
Вярхоўная Рада Ўкраіны на мінулым тыдні прыняла зьмены ў закон аб акцыянэрных таварыствах — зьнізіла кворум для правядзеньня агульнага сходу акцыянэраў для ўсіх АТ, незалежна ад іх віду ўласнасьці да 50% + 1 акцыя. Украінская дзяржава валодае 50 + 1% акцыяў «Укрнафты», але рэгулярна мела цяжкасьці з правядзеньнем сходу акцыянэраў гэтай кампаніі (структуры групы «Прыват» Ігара Каламойскага, якія кантралююць 42% акцыяў «Укрнафты», часьцей за ўсё ўплывалі на гэта). Прыняцьце рашэньняў аб разьмеркаваньні чыстага прыбытку і выплаце дывідэндаў па мэнэджмэнце былі абцяжараныя. Падтрыманыя парлямэнтам зьмены ў закон аб акцыянэрных таварыствах гэтыя цяжкасьці здымалі. Неўзабаве пасьля такога рашэньня Вярхоўнай Рады, у нядзелю 22 сакавіка будынак кампаніі «Укрнафта» ў Кіеве ўзялі пад ахову ўзброеныя людзі. Старшыня Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі Ігар Каламойскі, прыбыўшы на месца здарэньня, растлумачыў гэта пагрозай рэйдэрскага захопу.
А ў цалкам кантраляванай украінскай дзяржавай кампаніі «Укртранснафта» таксама на мінулым тыдні на пасяджэньні яе Назіральнай рады вырашылі адхіліць Аляксандра Лазорку ад выкананьня абавязкаў старшыні праўленьня. Перад тым міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Ўладзімер Дзямчышын ініцыяваў звальненьне Лазоркі за растраты на захоўваньне тэхналягічнай нафты на магутнасьцях групы «Прыват». Лазорка не пажадаў пакідаць сваё працоўнае месца і забарыкадаваўся ў кабінэце. Да гэтага канфлікту далучыўся Ігар Каламойскі, таксама асабіста прыбыўшы ў офіс гэтай кампаніі ў Кіеве. У той дзень, 19 сакавіка, ён перашкодзіў зьмене кіраўніцтва «Укртранснафты».
Таксама Каламойскі аблаяў тады журналіста Радыё Свабода Сяргея Андрушку, калі той пацікавіўся, што старшыня Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі робіць ноччу ў офісе дзяржпрадпрыемства?
Каламойскі ў наступныя дні адмовіўся асабіста прасіць прабачэньня перад журналістам. А прэзыдэнт Парашэнка абвясьціў тады Каламойскаму вымову за «парушэньне прафэсійнай этыкі».