5 прычын пасябраваць з Вырвічам і Лёднікам

Людміла Рублеўская, «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» (Мінск, Рэдакцыя газеты «Звязда», 2012); «Авантуры студыёзуса Вырвіча» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2014); «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2014).

Марына Весялуха

Пагадзіцеся, героі, пра якіх ідзе гаворка не ў адной кнізе, а ў цэлым цыкле раманаў, становяцца чытачу ня проста добрымі знаёмцамі, але ​сапраўднымі сябрамі. Цягам многіх соцень старонак мы назіраем за імі, перажываем з-за няўдач, радуемся ў моманты шчасьця, спрабуем знайсьці выйсьце са складаных жыцьцёвых сытуацый. Мы чакаем зьяўленьня новых гісторый з любімымі пэрсанажамі і спрабуем прадбачыць, як складзецца іх далейшы лёс. Вось і героі трылёгіі Людмілы Рублеўскай Пранціш Вырвіч і Баўтрамей Лёднік для многіх беларускіх чытачоў ужо сталі сапраўднымі сябрамі. Спадзяюся, што яны палюбяцца і тым, хто толькі зьбіраецца пазнаёміцца з гэтым цыклем кніг. І на гэта я магу прывесьці як мінімум 5 прычын.

Марына Весялуха

1. Яны заўсёды знаходзяцца ў руху

Калі вам падабаюцца гістарычныя кнігі, дзе расповед вядзецца спакойна, нясьпешна, а героі ледзь-ледзь варушацца і вядуць доўгія філязофскія размовы, то кнігі пра Вырвіча і Лёдніка дакладна не для вас. Сама аўтарка справядліва вызначае жанр сваіх кніг, як «раманы прыгодніцкія і фантасмагарычныя», таму можна быць упэўненымі, што на старонках гэтых выданьняў і, адпаведна, у лёсах герояў можа адбыцца што заўгодна. Так, у першай кнізе трылёгіі Вырвіча і Лёдніка чакае зьняволеньне ў Слуцкім замку, падарожжа па полацкіх лябірынтах у пошуках таямніча зьніклай бібліятэкі Сафійскага сабору і чароўнай рамфэі. У другім рамане яны выпраўляюцца ў вялікае падарожжа з Вільні ў Лёндан, разгадваюць таямніцы васковай лялькі Пандоры і загадкавага англійскага доктара Дзі. Пранцішу даводзіцца змагацца з цмокам у польскім Дракошчыне, а Бутрыму — трываць самыя цяжкія цялесныя пакуты ў абдымках сьвятога Тамаша, удзельнічаць у забароненых баях у Лёндане, а таксама лячыць страшныя хваробы. Шляхі жыцьця нашых герояў на гэтым не заканчваюцца. У апошняй кнізе трылёгіі Лёднік трапляе ў турму, мае аўдыенцыю у расійскай імпэратрыцы Кацярыны і разам з Антоні Тызэнгаўзам плянуе стварыць мэдычную акадэмію. Вырвіч жа становіцца артыстам цырку і знаходзіць сапраўднае каханьне. І гэта толькі частка прыгодаў нашых герояў. Хапіла б на некалькі жыцьцяў, кожнае зь якіх нельга было б назваць сумным.

2. Яны жывуць у XVIII стагодзьдзі

Я чула нараканьні прафэсійных гісторыкаў на тое, што ў трылёгіі аўтарка мала ўвагі зьвяртае на гістарычных постацей, якіх сама ж уводзіць у кнігі, іх характары вымалёўвае контурна і недастаткова падрабязна апісвае гістарычны кантэкст падзей. Мне ж падаецца, што гэта ня мінусы раманаў, а наадварот — вялікія плюсы. Пасьля знаёмства з мастацкімі тэкстамі чытачу не патрэбна быць гатовым здаць унівэрсытэцкі іспыт па гісторыі Беларусі XVIII стагодзьдзя, але ён мусіць ведаць прынамсі некаторыя характэрныя рысы эпохі, адчуваць дух гэтага часу. Думаецца, менавіта з гэтай задачай Людміла Рублеўская справілася выдатна. Старонкі кніг пераносяць нас у час, калі бясстрашных навукоўцаў (такіх, як доктар Баўтрамей Лёднік) ужо вабяць адкрыцьці эпохі Асьветніцтва, але ў галовах простых людзей усё яшчэ трывала гняздуюцца рэлігійныя забабоны Сярэднявечча^; калі ў палітычныя інтрыгі выпадкова можа быць уцягнуты любы грамадзянін краіны, а матэрыяльныя каштоўнасьці і дзяржаўныя таямніцы цэняцца больш, чым чалавечае жыцьцё. Вачыма Пранціша Вырвіча мы бачым сыстэму навучаньня ў краіне, разам зь ім вучымся пісаць вершы, марым стаць вайскоўцам у прыгожым мундзіры. Разам зь Лёднікам — лечым складаныя хваробы травамі і гатуем мазі паводле адметных рэцэптаў, разважаем пра неабходнасьць удасканаленьня унівэрсытэцкай навукі. Развагі пра шляхетнасьць, складанасьці вядзеньня хатняй гаспадаркі, погляды і вераваньні, разважаньні пра шлюб, здраду — усё ёсьць у трылёгіі. Ці ня гэта патрэбна чытачу больш, чым мноства гісторыка-палітычных дэталяў?

3. Яны кахаюць і цэняць сваіх жанчын

Галівудзкае правіла пабудовы сюжэта сьцьвярджае: калі герой праз складаныя выпрабаваньні і пакуты знаходзіць сябе — тое, што ён раней вельмі моцна хацеў атрымаць, даецца яму як нечаканы падарунак лёсу. Працуе гэтая заканамернасьць і ў кнігах пра Вырвіча і Лёдніка. І калі Баўтрамей знайшоў сваё каханьне яшчэ напрыканцы першага раману трылёгіі (дакладней, не знайшоў, а вярнуўся да яго), то Пранціш шукае тую, хто стане яго нарачонай, цягам усіх трох кніг (тут таксама разуменьне і прыняцьце сябе дазваляюць герою зрабіць лёсавызначальны выбар). Спадарожніцы галоўных герояў — таксама вельмі яркія і адметныя асобы. Лекарка, выдатная гаспадыня Саламея дзеля каханьня і спакойнага жыцьця здольная вытрываць нават самыя складаныя выпрабаваньні і дараваць мужу здраду. Шляхетная і вытанчаная Паланэя здатная рушыць у самае цяжкое і далёкае падарожжа ў мужчынскай вопратцы, а потым з галавой кінуцца ў вір прыгодаў разам з каханым. Сьціплая Ганулька можа гадамі чакаць увагі каханага. Артыстычная і чароўная Раіна ўмее танцаваць на вуглях, страляць з пісталета, скакаць зь вялікай вышыні, а таксама, не разважаючы, здольная пабегчы насустрач свайму каханьню. Дарэчы, у апошняй кнізе трылёгіі аўтарка падкрэсьлівае паступовую зьмену стаўленьня да жанчын у грамадзтве. Сваю жонку Саламею Баўтрамей Лёднік жадае бачыць загадчыкам аддзяленьня будучай мэдычнай акадэміі, а Вырвіч ня супраць таго, каб і пасьля шлюбу яго жонка працягвала працаваць.

4. Яны сапраўды сябруюць

Калі вельмі танна набываеш прыгоннага прафэсара, які пазбавіўся волі з-за вялікіх грашовых укладаньняў у працэс вынаходніцтва філязофскага каменя, вельмі складана прадбачыць, як будуць разьвівацца вашы адносіны. Варожасьць? Нянавісьць? Страх? Магчыма. Дарэчы, Вырвіч зь Лёднікам менавіта так і сустрэліся ў самым пачатку першай кнігі. Чытач мае прыемнасьць назіраць, як цягам трох раманаў цыклу зухаваты і крыху фанабэрысты бедны шляхціц Вырвіч пад уплывам свайго ж падуладнага прафэсара Лёдніка становіцца добрым (а час ад часу і ня надта добрым) студэнтам, потым вайскоўцам, паэтам, выдатным мужам. Заўважаць, як цяплее сэрца строгага доктара, а яго патрабавальнасьць і прынцыповасьць час ад часу зьмяняюцца проста братэрскім ці нават бацькоўскім клопатам за маладзейшага таварыша. А колькі выпрабаваньняў яны прайшлі разам! Колькі прыгодаў перажылі! І ўвесь гэты час заставаліся вернымі свайму сяброўству, падтрымлівалі адзін аднаго. Дарэчы, менавіта пільны Лёднік дапамог Вырвічу зразумець сябе, знайсьці сваё вялікае каханьне, а гарачы і нястрыманы Вырвіч паспрыяў таму, што сэрца Баўтрамея стала крыху менш ледзяным.

5. Яны жывыя і вераць у happy end

Як правіла, галоўныя героі не паміраюць, а калі ўсё ж паміраюць, то хутка расповед скончыцца. Адметна, што ў трылёгіі пра Вырвіча і Лёдніка, знаходзячыся ў самых складаных становішчах, балянсуючы на мяжы жыцьця і сьмерці, сябры заўсёды застаюцца жывыя. Хворыя, слабыя, але жывыя. Атрымліваецца так, што аўтарка ня надта шмат распавядае пра шчасьлівыя падзеі ў іх жыцьці, калі ўсё ціха, спакойна. Маўляў, што казаць, усё і так добра. Але калі гаворка заходзіць пра вырашэньне важнага дзяржаўнага пытаньня: перадачу таемнага ліста, папярэджаньне студэнцкай змовы супраць улад ці пошукі вялікіх каштоўнасьцяў, то Вырвіч і Лёднік трапляюць у самы эпіцэнтар падзей. Важна, што яны вераць у посьпех, не губляюцца ў складаных становішчах і з уменьнем выкарыстоўваюць усё тое, чаму навучыліся ў часы зацішша. Кожная з трох кніг цыкла мае шчасьлівы фінал, але гэты happy end, так бы мовіць, прамежкавы: мы ведаем, што ёсьць яшчэ адзін раман, а значыць будуць і новыя прыгоды. Застаецца спадзявацца, што і шчасьлівае зацішша апошняй кнігі — таксама прамежкавае, што аўтарка не пакіне сваіх герояў і распавядзе нам пра іх новыя гісторыі ў наступных кнігах. Магчыма, мы выправімся ў францускі Ліён разам зь Лёднікам, дзе будзем спасьцігаць асновы стварэньня мэдычных унівэрсытэтаў? А можа, застанемся з Саламэяй у Полацку і будзем гадаваць маленькую Сафію? Ці пабачым сцэны сямейнага жыцьця Вырвіча і разьдзелім хвіліны яго паэтычнага посьпеху? Час пакажа, а пакуль нас чакае шчасьлівае зацішша... Ці толькі першае знаёмства з Вырвічам і Лёднікам.