Напярэдадні чарговага футбольнага сэзону, які ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі стартуе 10 красавіка, каманды акрэсьліваюць свае мэты на аглядную будучыню. Гэтыя пляны тычацца ня толькі ўласна спартовай сфэры, але і спадарожнага антуражу.
Так, падчас нядаўняй сустрэчы з заўзятарамі дырэктарат аднаго з флягманаў айчыннага футболу — клюбу «Дынама» (Менск) — заявіў, што ўпершыню прозьвішчы гульцоў на майках будуць пісацца на беларускай мове.
Your browser doesn’t support HTML5
Выглядае, што моўны сюрпрыз рыхтуе сваім прыхільнікам і жодзінскі калектыў.
Вось што сказаў Свабодзе Сяргей Пузанкевіч, прадстаўнік штабу каманды «Тарпэда-БелАЗ», якая па выніках папярэдняга першынства фінішавала на чацьвёртым месцы ў кроку ад бронзавых мэдалёў:
«Тое, што менскае «Дынама» упершыню будзе пісаць прозьвішчы гульцоў на беларускай мове, безумоўна, мяне парадавала. Але трэба згадаць, што менавіта наш футбольны клюб — «Тарпэда-БелАЗ» — зьяўляецца піянэрам у гэтай справе. Згадаем 2007 год: пасьля апытаньня сярод нашых прыхільнікаў мы прыйшлі да высновы, што трэба пераходзіць да беларускай мовы. На вялікі жаль, асабіста для мяне, некалькі апошніх гадоў мы пішам прозьвішчы футбалістаў па-расейску — фармальна на той падставе, што гэта адна зь дзяржаўных моваў.
А што да таго, як будзе ў гэтым сэзоне? Усё ж хочацца захаваць інтрыгу да канца. 6 красавіка ў нас таксама адбудзецца традыцыйная сустрэча з заўзятарамі і вось акурат да гэтага дня я, скажам так, трымаю маўчаньне.
Інтрыгую прыхільнікаў жодзінскай каманды, а можа, прыхільнікаў і ўсяго беларускага футболу. Адзінае, магу сказаць, што будуць навіны, і яны будуць са знакам «плюс». Нават канкрэтызую: у рэчышчы менавіта беларускамоўнасьці футбольнага клюбу «Тарпэда-БелАЗ».
Вялікае інтэрвію з Сяргеем Пузанкевічам пра беларусізацыю футболу, нацыянальную сымболіку на трыбунах і шмат што іншае — у эфіры і на сайце Свабоды на наступным тыдні.