Аднак такой магчымасьці ён пазбаўлены, паколькі нарадзіўся ў Бранскай вобласьці: дзейная Канстытуцыя забараняе рэгістравацца кандыдатамі на вышэйшую пасаду асобам, якія нарадзіліся за межамі Беларусі. Многія юрысты лічаць абсурднай гэтую прававую норму ў прымяненьні да беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся за межамі БССР у часы адзінага Савецкага Саюзу.
Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў нарадзіўся ў горадзе Сураж Бранскай вобласьці, недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, у 1958 годзе. І менавіта гэта забараняе яму балятавацца на прэзыдэнта.
У артыкуле 80 дзейнага Асноўнага Закону краіны запісана:
«Прэзыдэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі».
«Норма „грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні“ зьявілася ў Канстытуцыі толькі ў 1996 годзе пасьля так званага лістападаўскага рэфэрэндуму, калі ў Асноўны Закон дадаліся пэўныя папраўкі і зьмяненьні. У рэдакцыі Канстытуцыі ад 1994 году яе не было», — кажа Свабодзе Мечыслаў Грыб, чый подпіс стаіць пад першай Канстытуцыяй незалежнай Беларусі:
«У першай рэдакцыі Канстытуцыі ад 1994 году было запісана, што кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі можа вылучацца грамадзянін Беларусі. А пра месца яго нараджэньня нічога не гаварылася.
А новая норма зьявілася ў 1996 годзе. Я думаю, што яна была прапанаваная альбо самім Аляксандрам Рыгоравічам, альбо яго бліжэйшымі дарадцамі. Але толькі зь яго згоды.
Гэтая норма адсявала ад барацьбы за прэзыдэнцкае крэсла цэлы шэраг кандыдатаў, якія жылі ў Беларусі, якія былі грамадзянамі Беларусі, але якія не нарадзіліся непасрэдна ў Беларусі. Напрыклад, гэта тычылася Ўладзімера Ярмошына. які быў старшынём Савету Міністраў. Ён нарадзіўся на тэрыторыі Расеі. Альбо кіраўнік тэатру „Хрыстафор“ Яўген Крыжаноўскі, які нарадзіўся ва Ўкраіне. Ён нават пачаў зьбіраць подпісы. А я яго сустрэў і кажу: „Нічога ў цябе з гэтага, мой сябра, не атрымаецца. Бо ты нарадзіўся ва Ўкраіне“. І яму адмовілі».
Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка лічыць такую сытуацыю абсурднай:
«У нас усе да 1991 году былі грамадзянамі СССР. І толькі пасьля сталі грамадзянамі Беларусі.
Я зрабіў адпаведны запыт у Канстытуцыйны суд. Прапанаваў адмяніць гэтую норму. Атрымаў адказ. Мне напісалі, што норму можна зьмяніць альбо праз рэфэрэндум, альбо сабраць 350 тысяч подпісаў — і тады гэта могуць зрабіць дэпутаты. Альбо прэзыдэнт можа зьвярнуцца ў парлямэнт, каб той гэтую норму зьмяніў».
Незадаволены такім адказам, дэпутат Герасіменка зьвярнуўся праз прэзыдэнцкую адміністрацыю да Аляксандра Лукашэнкі:
«Я папрасіў яго: вы маеце права, вы былі ініцыятарам рэфэрэндуму, па вашым указаньні была падпісана новая рэдакцыя Канстытуцыі. Таму, калі ласка, зьвярніцеся ў парлямэнт, і няхай дэпутаты адменяць гэтую несправядлівую норму. Бо гэта дыскрымінацыя чалавека.
Учора я атрымаў адказ. Напісана, што кожны грамадзянін Беларусі мае права абіраць і быць абраным. Але пасада прэзыдэнта (ліст у маіх руках) — гэта асобая пасада. І таму тут патрэбна норма, каб кандыдатам быў толькі грамадзянін Беларусі па нараджэньні. І ў канцы — няма ніякай патрэбы зьвяртацца ў парлямэнт, каб выправіць гэты артыкул.
Я думаю, што гэты зварот Лукашэнку не паказалі. Ягоныя клеркі пасядзелі, пакумекалі і напісалі адказ. Падпісаў ліст спадар Буко — начальнік галоўнага ўпраўленьня па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў прэзыдэнцкай Адміністрацыі».
Крытычна ставіцца да нормы «грамадзянін Беларусі па нараджэньні» намесьнік старшыні першага складу Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў:
«Я думаю, што гэта ня самае галоўнае, дзе чалавек нарадзіўся. Самае галоўнае, каб кандыдат быў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, у нас у законе аб дзяржаўных служачых запісана, што імі могуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Але гэтая норма шмат разоў парушалася.
Праблема тут сапраўды ёсьць. І яна ў тым, што мы жылі на тэрыторыі Савецкага Саюзу. І ўсе былі грамадзянамі СССР. І тады грамадзянства нейкай саюзнай рэспублікі неяк не ўспрымалася».