Прамысловая вытворчасьць у Беларусі ўпала на 6 працэнтаў

Экспэрты лічаць, што неэфэктыўная сацыяльна-эканамічная мадэль у Беларусі становіцца палітычнай праблемай.

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені-лютым 2015 году зьнізіўся на 0,6% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году і склаў 122 трлн 49,1 млрд беларускіх рублёў. Прамысловай прадукцыі выраблена на 110 трлн 915,8 млрд беларускіх рублёў, што на 5,8% менш, чым за студзень-люты 2014 году.

Эканаміст Яўген Прэйгэрман мяркуе, што гэтая тэндэнцыя азначае далейшы працяг крызісу ў эканоміцы краіны:

Звычайна беларускі ўрад намагаецца паказваць аптымістычныя лічбы па ўсіх кірунках, асабліва ў справе росту валавога ўнутранага прадукту.

«Гэта сытуацыя, якая адлюстроўвае стан беларускай эканомікі — яе крызісны стан. Звычайна беларускі ўрад намагаецца паказваць аптымістычныя лічбы па ўсіх кірунках, асабліва ў справе росту валавога ўнутранага прадукту. Але калі мы паглядзім на гэты год, падаецца неаптымістычны паводле прагнозаў і плянаў рост ВУП на 0,2–0,7%. Зразумела, што гэтыя праблемы ўжо бачныя, і ня першы год. Чаму беларускі ўрад, які вельмі любіць рост ВУП, ісьці на гэты рост ня можа, зразумела: мы бачым, колькі гэтых тавараў ёсьць на складах, бачым стан фінансавых арганізацыяў. І, канечне, пры ўсім пры гэтым нельга прымушаць эканоміку гнаць гэты плян — гэта ўсе выдатна разумеюць ва ўрадзе, і, фактычна, другі год запар пра гэта кажа Аляксандар Лукашэнка. Так што сытуацыя непрыемная. І ў бліжэйшы час, гледзячы якія тэндэнцыі ёсьць у рэгіёне, перадусім у расейскай эканоміцы, не выпадае спадзявацца, што гэтая тэндэнцыя зьменіцца. Таму гэта тая рэчаіснасьць, зь якой мы будзем жыць бліжэйшыя некалькі гадоў».

Экспэрт мяркуе, што да канца году сытуацыя значна не палепшыцца:

«Ці можна разьлічваць на тое, што да канца году можна пазбавіцца складзкіх запасаў і што фінансавая сытуацыя стане лепшай? Думаю, спадзявацца на гэта таксама не выпадае. Бо калі мы паглядзім на фінансавыя вынікі апошняга году, то яны проста жахлівыя. Да прыкладу, запазычанасьці прадпрыемстваў амаль удвая большыя ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Гэтая тэндэнцыя непрыемная, і цяжка спадзявацца, што яна палепшыцца ў другой палове году».

Паводле экспэрта, у гэтай сытуацыі галоўнае пытаньне — ці падштурхне гэты крызіс кіраўніцтва Беларусі да нейкіх структурных перамен.

Хутчэй за ўсё, сёлета такіх зьменаў чакаць не выпадае, бо наперадзе — прэзыдэнцкая выбарчая кампанія.

«Хутчэй за ўсё, сёлета такіх зьменаў чакаць не выпадае, бо наперадзе — прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. А надалей — таксама пытаньне. Я думаю, што ніякіх радыкальных і хуткіх рэформаў ня будзе, але ж на пэўныя захады ісьці давядзецца, бо цяперашняя сацыяльна-эканамічная мадэль зьяўляецца ўжо праблемнай нават для палітычнай сыстэмы краіны».