У Ніжнім Ноўгарадзе словы Пуціна пра Нямцова правяраюць на экстрэмізм

У Ніжнім Ноўгарадзе супрацоўнікі паліцыі некалькі разоў паспрабавалі прымусіць мясцовага прадпрымальніка Германа Князева, уладальніка буйной сеткі аптэк, зьняць з балькона свайго офіса ў цэнтры гораду вывешаныя ім банэры з партрэтам Барыса Нямцова, адзін зь якіх суправаджаўся цытатай Уладзіміра Пуціна. Апошняя такая спроба скончылася тым, што Ніжагародзкая паліцыя вырашыла праверыць словы расейскага прэзыдэнта на экстрэмізм.

У інтэрвію Радыё Свабода Герман Князеў распавёў пра дэталі гэтай амаль дэтэктыўнай гісторыі.

— Калі і як вам прыйшла ў галаву ідэя вывесіць банэр з партрэтам Барыса Нямцова? Што гэта за будынак, хто аўтар тэксту, які спачатку быў надрукаваны на банэры, — «Каго наступнага заб’яце, каб перамагчы ўласныя хімэры?»

— Будынак належыць мне, ён нежылы. Сама ідэя? Тут нават гаварыць няма пра што, сьмерць Барыса Нямцова — гэта трагедыя, і, натуральна, як грамадзянін я быў ня проста зьбянтэжаны і абураны, а быў у шоку, як і большасьць, напэўна, разумных людзей. І сваё стаўленьне да гэтага забойства я выказаў менавіта такім чынам, гэта мая грамадзянская пазыцыя, мая даніна памяці Барысу Нямцову. Аўтар я сам. Я напісаў гэты тэкст.

— Пасьля таго, як вы вывесілі банэр з гэтым сваім тэкстам, у вас пачаліся праблемы, яго спрабавала зьняць паліцыя. Як разьвіваліся падзеі?

— 5 сакавіка я яго павесіў, у гэты самы дзень адразу прыбыла апэратыўная група ніжагародзкага РАУС, каб правесьці, як яны называюць гэта, апытаньне: хто і навошта павесіў, хто вырабіў, якая мэта. Я досыць падрабязна ім усё распавёў, патлумачыў паліцыянтам, што я аўтар, сам вырабіў гэты банэр і павесіў яго на сваім будынку, паказаў дакумэнты на ўласнасьць. Патлумачыў, што ніякай мэты кагосьці да нечага заклікаць з гэтага не вынікае, ніякіх заклікаў аб зьвяржэньні дзейнай ўлады не вынікае з гэтага банэра, ніякага экстрэмізму я ў ім тым больш ня бачу. У асабістай гутарцы з тымі, хто мяне апытваў, яны сказалі, што яны таксама ня бачаць ніякага крыміналу, але пры гэтым яны адразу сказалі, што ёсьць, скажам так, заказ, каб гэты банэр зьняць у гэты самы дзень. Я сказаў, што гэта немагчыма, я яго сам асабіста не дэмантую, а ў іх няма для гэтага ніякіх падставаў.

5 сакавіка яны сышлі, але ўначы, апоўначы, не апавясьціўшы ні мяне, ні ахову офіса, была падагнаная спэцтэхніка, выкліканыя панятыя. Мне потым ахова распавядала, што панятых паліцэйскія прывезьлі з сабой з пастарунку, што ў Ніжнім Ноўгарадзе часта практыкуецца. У выніку банэр быў дэмантаваны. Раніцай я стэлефанаваўся з тымі, хто да мяне прыяжджаў, і яны пацьвердзілі, што ім паступіла каманда і яны дэмантавалі яго «з мэтай правядзеньня лінгвістычнай экспэртызы», ці не ўтрымоўваецца ў гэтай фразе нейкі экстрэмізм. Усе выдатна разумелі, што гэта ўмоўная прычына, падстава. Галоўнае — зьняць, каб супакоіць нейкага вялікага начальніка.

— Пасьля гэтага вы надрукавалі новы банэр, ужо з цытатай з Уладзіміра Пуціна. Яго таксама зьнялі?

— Так, менавіта так. Я вырабіў новы банэр, дзе замяніў свой тэкст на словы Пуціна, сказаныя ім на калегіі МУС, пра тое, што такія злачынствы, як забойства Нямцова, — ганьба для Расеі, што іх трэба расьсьледаваць і не дапускаць. Другі банэр зьнялі ня ўночы, яны падагналі на другі дзень спэцтэхніку. Але парадак быў той самы. У гэты самы дзень прыехалі сьледчыя ніжагародзкага РАУС, зноў запыталіся ў мяне, навошта і чаму. Яшчэ раз удакладнілі, што гэта словы прэзыдэнта, запісалі гэта ў пратакол.

На наступны дзень, ужо ўдзень, недзе ў раёне трох гадзін дня, зноў пад’ехала пажарная машына, паліцыя гэтым разам была прадстаўлена службай участковых Ніжагародзкага раёну, з мэтай зноў дэмантаваць. Так як я быў у гэты момант на месцы, натуральна, я перашкодзіў таму, каб яны яго забралі. Я перашкодзіў пажарным, якія раптам палезьлі па лесьвіцы, сказаўшы, што ў мяне нічога не гарыць, я іх не выклікаў, гэта мой асабісты офіс, і пранікаць у яго праз бальконныя дзьверы — гэта недапушчальна. Пажарныя тут жа пагадзіліся, сказалі, што яны просяць прабачэньня, спыняюць, і папрасілі спадароў паліцэйскіх прад’явіць якія-небудзь дакумэнты ўласьніку, то бок мне, пра тое, якая падстава для гэтага.

У іх была вэрсія, што гэта парушэньне адміністрацыйнага кодэксу Ніжагародзкай вобласьці ў справе разьмяшчэньня рэклямных і інфармацыйных канструкцый на нежылых памяшканьнях. У распрацоўцы гэтага дакумэнта я ў свой час прымаў удзел сам. Я правёў невялікі лікбез для спадароў паліцэйскіх аб тым, што для кантролю за разьмяшчэньнем рэклямных і інфармацыйных канструкцый існуе адміністрацыйна-тэхнічная інспэкцыя, якая павінна ў выпадку выяўленьня такіх незаконных інфармацыйных канструкцый прад’яўляць ўласьніку такой канструкцыі альбо тым, хто яе разьмясціў, альбо ўласьніку будынка, на якіх яна разьмешчана, прэтэнзію. У дадзеным выпадку павінен быць складзены пратакол, у якім павінна быць паказана, што такая канструкцыя зьяўляецца незаконнай, і гэтак далей.

Зразумеўшы, што не атрымліваецца знайсьці прававыя падставы па адміністрацыйным кодэксе, пры мне старэйшая гэтай брыгады, там была маёр паліцыі, патэлефанавала начальству і сказала: ўласьнік практычна даказаў на месцы, што там іншы парадак, рэглямент, не атрымаецца ў нас яго зьняць такім чынам. Я чуў, што ёй адказваюць. Ёй было сказана: здымайце пад любой падставай, не праходзіць па адміністратыўнай — ізноў забірайце на экспэртызу. Вось тады я папрасіў, каб яна яшчэ раз перадала таго, што ёй даваў па тэлефоне каманды, што на банэры словы прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, яны ўзятыя ў двукосьсе, гэта цытата. Далей быў дзіўны момант, калі яна перадала гэтую інфармацыю, і на тым канцы дроту была паўза... Я так разумею, яны былі ў шоку. Яны прымусілі яе выйсьці на праезную частку, устаць і зачытаць ім даслоўна, да кожнай коскі гэты тэкст. Яна ўстала і прачытала. Потым была гадзіна паўзы, калі ўсе былі ў роздумах. Праз гадзіну быў званок, яе папрасілі яшчэ раз выйсьці і прачытаць, я так разумею, ужо іншы начальнік, вышэйшы. І пасьля трох гадзін такога хаджэньня, агляду, перадачы дадзеных паступіла апошняя каманда: здымаць і праводзіць экспэртызу словаў прэзыдэнта РФ.

— І тады вы надрукавалі яшчэ адзін, трэці банэр, які, як я разумею, вісіць на вашым бальконе і да сёньня?

— Так, потым надрукаваў трэці банэр, ужо бяз тэксту, проста з партрэтам Барыса Яфімавіча Нямцова. Цяпер, я думаю, кожны, хто праходзіць міма, будзе глядзець і казаць нейкі свой тэкст.

***

Апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў быў забіты чатырма стрэламі ў сьпіну ў цэнтры Масквы позна ўвечары 27 лютага. Па справе аб забойстве Нямцова арыштаваныя пяць чалавек. Усім ім прад’яўленыя абвінавачаньні. Галоўны падазраваны Заур Дадаеў спачатку даў прызнавальныя паказаньні, аднак пазьней адмовіўся ад іх. На мінулым тыдні ён распавёў праваабаронцам пра ўжываньне да яго катаваньняў.